Сола на дудзе (+ВІДЭА)

Культура
11.06.2019 09:51
867
Той, хто аднойчы чуў дуду, не забудзе ніколі. Музычны інструмент нельга параўнаць ні са скрыпкай, ні з цымбаламі, ні з гармонікам. У гуках дуды, здаецца, ёсць нешта містычнае і незямное: тут і голас жывёлы, і гул даўніх бітваў, і скокі старадаўняй карчмы…

На працягу апошніх двух гадоў гэты інструмент грае ва ўзорным дзіцячым ансамблі народнай музыкі “Гулянок” школы мастацтваў. Той, хто ўпершыню чуе і бачыць беларускую дуду, адразу цікавіцца: “Што гэта за інструмент?” І вельмі дзівіцца, калі даведваецца, што на ім гралі нашы продкі.

У "Гулянку" спачатку на беларускай дудзе саліраваў настаўнік школы Яўген Варонін. Пасля эстафету ад яго пераняў вучань Уладзіслаў Антонаў. Ён застаецца пакуль адзіным сярод выхаванцаў школы, хто авалодаў гэтым інструментам. Але дакладна – не апошнім.

IMG_6072.JPG

Настаўнік і вучань: Яўген ВАРОНІН і Улад АНТОНАЎ


Як сцвярджае ў шматлікіх інтэрв’ю Аляксандр Сурба, кандыдат мастацтвазнаўства, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, дуда – гэтакі ж нацыянальны інструмент для Беларусі, як і валынка для Шатландыі. Ён быў шырока распаўсюджаны па тэрыторыі Беларусі са старажытнасці да ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Дуда мела найвышэйшы сакральны статус як рэч, зробленая з ахвярнай жывёлы. Дуда выкарыстоўвалася ў абрадах, звязаных з асноўнымі момантамі жыцця чалавека. Дудар абавязкова прысутнічаў на хрэсьбінах (рытуальнае нараджэнне), на вяселлі (рытуальнае пераўвасабленне ў статус дарослага чалавека), на пахаванні (рытуале пераходу чалавека ў іншы свет), на жніве, Купаллі, Калядах…

IMG_1375.JPG

гулянок4.JPG

Адраджэнне дуды ва ўсім свеце пачалося ў 60-70-я гады мінулага стагоддзя. У Беларусі – бліжэй да 80-х. З’явіліся майстры (Алесь Лось, Уладзімір Пузыня, Тодар Кашкурэвіч), музыкі і калектывы, якія пачалі ўключаць дуду у свой інструментарый.

maxresdefault.jpg

Алесь ЛОСЬ


Сёння, па падліках Аляксандра Сурбы, у Беларусі каля 300 - 400 дудароў, 6 майстроў,  якія вырабляюць дуду. У Мінску і рэгіёнах ладзяцца дударскія фэсты. У беларускім дударскім таварыстве вядзецца дыскусія аб прызнанні беларускай дуды нацыянальнай культурнай з’явай і ўключэннем інструмента  ў спіс аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. 

Дуду, на якой граюць смаргонскія дудары, змайстраваў Алесь Лось – той самы, які з жонкай Яўгеніяй Ліс 35 гадоў таму адраджаў залескую батлейку. Алесь Уладзіміравіч адзін з першых у Беларусі, хто рэаніміраваў беларускую дуду і пачаў даследаваць дударскія музычныя традыцыі. Цяпер ён жыве на Валожыншчыне. Менавіта ад Алеся Лася настаўнік школы мастацтваў Яўген Варонін пераняў азы грання на беларускай валынцы.

Дударскае майстэрства заўсёды засвойвалася традыцыйным шляхам – ад майстра да вучня. Ніхто з іх не валодаў нотнай граматай. Спецыфіку мелодыі надае манера грання – не дакладнае паўтарэнне нота ў ноту, а аздабленне мелодый. Хаця з іншага боку – веданне духавых інструментаў дапамагае ў музіцыраванні.

Дудар, мастак Артур Бартэлс, 1850.jpg

Дудар. Мастак Артур БАРТЭЛС, 1850 год


Илюстрацыя.jpg

Улад Антонаў сёлета скончыў музычную школу па класе труба. У “Гулянку” спачатку граў на дудачцы. Добрыя лёгкія трубача і ўменне ўпраўляцца з дудачкай дапамаглі хлопцу даволі хутка асвоіць гэты няпросты беларускі народны інструмент. Інструмент традыцыйна мужчынскі. Сімвал беларускай культуры.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара і з архіва Алеся ЛАСЯ.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений