Сольская сярэдняя школа далучылася да сацыяльна-культурнай акцыі “Міжнародны дзень чытання “Сымона-музыкі”

Культура
11.12.2015 13:53
1556
Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрасіў усіх жадаючых далучыцца 4 снежня да сацыяльна-культурнай акцыі “Міжнародны дзень чытання “Сымона-музыкі”. Дата была выбрана невыпадкова: якраз 90 гадоў таму беларускі пясняр закончыў працу над гэтым творам. Яшчэ паэма мае прысвячэнне: “Беларускай моладзі сваю паэму прысвячаю”, а 2015 год, як вядома, аб’яўлены ў Беларусі...
Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрасіў усіх жадаючых далучыцца 4 снежня да сацыяльна-культурнай акцыі “Міжнародны дзень чытання “Сымона-музыкі”. Дата была выбрана невыпадкова: якраз 90 гадоў таму беларускі пясняр закончыў працу над гэтым творам. Яшчэ паэма мае прысвячэнне: “Беларускай моладзі сваю паэму прысвячаю”, а 2015 год, як вядома, аб’яўлены ў Беларусі Годам моладзі.SAM_8945

Вучнёўскі і педагагічны калектывы Сольскай сярэдняй школы з нагоды гэтай падзеі актыўна ўключыліся ў чытанне коласаўскай паэмы. У кабінеце беларускай мовы і літаратуры была наладжана выстава паштовак з урыўкамі з паэмы і ілюстрацыямі Барыса Заборава і Мікалая Селешчука (паштоўкі прапанаваны Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа і змешчаны на сайце музея). Наведваючы выставу, вучні і настаўнікі траплялі пад магічнае ўздзеянне фарбаў, слоў, вобразаў. Убачанае і прачытанае нікога не пакінула раўнадушным. На выставе кожны наведвальнік мог выбраць урывак на свой густ і падрыхтаваць яго да Міжнароднага дня чытання паэмы “Сымон-музыка”.
У школе 4 снежня панавала святочная і ўрачыстая атмасфера. Кожны, хто вырашыў прадэманстраваць талент дэкламатара, “зазірнуць у глыбіні ўласнай душы і, магчыма, знайсці адказы на хвалюючыя пытанні”, шукаў сабе ўдзячных слухачоў-аднадумцаў сярод сяброў, аднакласнікаў, настаўнікаў… Усе ахвотна адгукаліся на прапанову паслухаць лірычныя радкі з выдатнага твора, які ўваходзіць у залаты фонд беларускай літаратуры. Па прызнанні тых, хто чытаў, і тых, хто слухаў, паэма (хай сабе і ва ўрыўках) пакінула ў памяці незабыўны след. Жыццё Сымонкі ўражвае драматызмам, на яго долю выпадае шмат цяжкасцей і выпрабаванняў, але герой ім не скараецца. Разнастайныя пачуцці захіснулі слухачоў. Плакала душа, калі Сымонка, граючы на скрыпцы, “выліваў” свой смутак; сэрца сціскала туга, калі бачылі на дзядзінцы адзінокую постаць Ганны; гаіліся балючыя раны, калі разам з Сымонам слухалі, як іграў на скрыпцы дзед Курыла; радавалася душа, калі Сымонка, пачуўшы гранне дудароў, зразумеў сваё прызванне, “пазнаў тое, чаго шчыра так шукаў…”
Сапраўднае мастацтва з’яўляецца толькі тады, калі ёсць творчая асоба мастака, здольная выстаяць перад усімі цяжкасцямі жыцця і не згубіць свайго таленту, а знайсці яму прымяненне. Гэта галоўная думка, якую хацелі данесці да грамадскасці ініцыятары сацыяльна-культурнай акцыі “Міжнародны дзень чытання “Сымона-музыкі”.
Наталія МАЦКЕЛЬ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Сольскай сярэдняй школы.
Фота аўтара.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений