Рэгіянальная праграма “Спадчына”. Ход яе выканання і развіццё сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей

Культура
20.11.2015 13:27
1471
Смаргонскі край надзвычай багаты разнастайнымі помнікамі гісторыка-культурнай спадчыны. Дзеля іх захавання і далейшай папулярызацыі была прынята рэгіянальная праграма “Спадчына” на 2011-2015 гг. Пра ход яе выканання і развіццё сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей мы гутарым з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццянай РАЖЭВАЙ.
ряжева 01

- Таццяна Мар’янаўна, якія асноўныя кірункі дзейнасці прадугледжаны ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і колькі наогул помнікаў даўніны наш раён сёння мае?

- У нашым раёне налічваецца трыццаць матэрыяльных нерухомых помнікаў, якія занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Яшчэ ёсць сорак так званых аб’ектаў без катэгорыі, якія ўваходзяць у склад комплексных гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Асноўнымі кірункамі дзейнасці, прадугледжанымі рэгіянальнай праграмай “Спадчына”, былі і застаюцца ўлік, кантроль за станам і папулярызацыя аб’ектаў, якія прадстаўляюць сабой значны інтарэс для айчыннай гісторыі і гісторыі культуры. Не прыпыняецца працэс выяўлення новых гісторыка-культурных помнікаў, якія ўзбагачаюць нашу духоўную спадчыну.

У межах выканання мерапрыемстваў праграмы і патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” штогод праводзіцца маніторынг стану і выкарыстання помнікаў архітэктуры раёна. Выкананы шэраг мерапрыемстваў па захаванні аб’ектаў, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны, на ўсе 30 матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці аформлены ўліковыя дакументы, ахоўныя абавязацельствы, устаноўлены ахоўныя шыльды, зробленыя ў адпаведнасці з узорам, зацвер-джаным Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

- Праекты ахоўных зон якіх помнікаў зацверджаны?

- Гэта праекты наступных гісторыка-культурных каштоўнасцяў: музей-сядзіба Францішка Багушэвіча ў Кушлянах, касцёл Святой Троіцы і былая сядзіба ХVII стагоддзя ў Жодзішках, фрагменты замка ў Крэве, брацкая магіла на вул. Савецкай, ансамбль былога палаца Агінскіх у Залессі.

- Наколькі мне вядома, перыядычна ўзнікалі пытанні са стварэннем праектаў ахоўнай зоны асобных культавых устаноў нашага раёна. Ці вырашылася гэта праблема і якім чынам?

- Асаблівай праблемы сёння няма. Ёсць прамаруджванні з боку выканаўцаў праектаў. Вядуцца праектныя работы па храму Святога апостала Тадэвуша ў Вішневе і па царкве Аляксандра Неўскага ў Крэве. Праекты зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці “Касцёл Святога Міхаіла Архангела” ў Смаргоні і касцёла ў Нястанішках распрацаваны і накіраваны на зацвярджэнне ў міністэрства культуры.

Пакуль немагчыма распрацаваць праекты ахоўных зон гісторыка-культурных помнікаў касцёлаў у Данюшаве і Войстаме.

- А як вырашаецца пытанне з аднаўленнем, рэстаўрацыяй і папулярызацыяй іншых рарытэтаў нашага краю?

- У межах выканання дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы здзейснена рэстаўрацыя сядзібы М. К. Агінскага ў аграгарадку Залессе, дзе да юбілею знакамітага кампазітара і дзяржаўнага дзеяча адчынілася пастаянная музейная экспазіцыя. Смаргонскім райвыканкамам сумесна з дырэкцыяй Тракайскага нацыянальнага парку ў Літве ў межах трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія – Літва - Беларусь” рэалізаваны праект “Выкарыстанне гістарычных сядзіб і іх адаптацыя да сучасных умоў”, за сродкі якога адрамантавана канцэртная зала палаца, набыты музычны інструмент.

Выкананы комплекс навукова-даследчых работ па кансервацыі і рэстаўрацыі фрагментаў замка ХІV стагоддзя ў Крэве. Падрыхтаваны архітэктурны праект яго кансервацыі з частковай рэстаўрацыяй. Праект разбіты на дзве чаргі і пяць пускавых комплексаў.

Папулярызацыя смаргонскіх матэрыяльных і духоўных помнікаў ажыццяўляецца рознымі шляхамі, якія можна лічыць традыцыйнымі. У адпаведнасці з патрабаваннямі часу актуальная інфармацыя змешчана на сайтах райвыканкама і Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея. Сумесна з музеем выпускаюцца друкаваныя буклеты з цыкла “Гістарычныя каштоўнасці Смаргоншчыны”. Ладзяцца шматлікія мерапрыемствы на значных гісторыка-культурных аб’ектах: канферэнцыі, канцэрты і фэсты на сядзібе Агінскага, святочныя імпрэзы “Пад знакам Лялівы” ў аграгарадку Крэва.

- Вышэй Вы казалі, што пошукавая работа па выяўленні новых помнікаў даўніны працягваецца, удакладняецца спіс каштоўнасцей. Якія новыя аб’екты ці іх фрагменты могуць узбагаціць скарбонку нашай гісторыка-духоўнай спадчыны?

- Супрацоўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі накіравалі ў Міністэрства культуры матэрыялы для ўнясення ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны некаторых помнікаў. Сярод іх Пакроўская царква ў Міхневічах, царква ў Кеўлах, капліцы ў Выгалянентах і Алянцы. Праводзіцца работа па ўдакладненні спісу. Рашэннем навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве культуры выключаны з пераліку асобныя аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны. Напрыклад, адзін помнік знішчаны яшчэ ў 70-я гады, а другі на самой справе адносіцца да Ашмянскага раёна.

Гутарыла Ала СТРАШЫНСКАЯ.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений