Абласны конкурс “Скокі ва ўсе бокі” сёлета адбудзецца ў Смаргоні

Культура
10.04.2018 15:47
1114
Што і казаць, танцаваць любяць усе – і дарослыя, і дзеці. І не галоўнае, па правілах чалавек танцуе або рухаецца як умее. У любым выпадку танец – гэта задавальненне! А калі ў чароўны свет танца запрашаюць акунуцца сапраўдныя майстры харэаграфічнага майстэрства – гэта ні з чым не параўнальнае пачуццё асалоды ад сустрэчы з прыгожым!
Skoki_va_use_boki_Smorgon'.jpg

Цёплай веснавой парой сёлета лепшыя танцоры амаль з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці збяруцца ў Смаргоні, каб прыняць удзел у абласным конкурсе танцавальных калектываў “Скокі ва ўсе бокі”. Гісторыя конкурса бярэ свой пачатак у 2001 годзе, калі ён адбыўся ўпершыню ў Карэлічах і быў накіраваны на падтрымку танцавальных калектываў вобласці. Па традыцыі, у конкурсе спаборнічаюць удзельнікі ў двух узроставых катэгорыях па наступных намінацыях: беларускі і народны танец, сучасная харэаграфія. З 2009 года ў конкурсе прымаюць удзел як калектывы, маючыя добры творчы вопыт, так і дэбютанты, якія робяць першыя крокі на абласной танцавальнай сцэне. За час свайго існавання конкурс “Скокі ва ўсе бокі” стаў для яго ўдзельнікаў месцам творчага супрацоўніцтва, ён садзейнічае ўзбагачэнню рэпертуара беларускай танцавальнай спадчынай і лепшымі ўзорамі сучаснай харэаграфіі.

У гэтым годзе абласны танцавальны конкурс “Скокі ва ўсе бокі” змяніў сваю прапіску – месцам яго правядзення стаў наш прыгожы горад. Сімвалічна, што наша вечна маладая, заўсёды квітнеючая, старажытная смаргонская зямля гасцінна расчыняе дзверы для ўдзельнікаў конкурсу менавіта ў Год малой радзімы. Смаргоншчына заўсёды славілася сваімі людзьмі – добрымі, шчодрымі, таленавітымі. Спадзяёмся, што конкурс прынясе прыемныя хвіліны адпачынку для ўсіх жадаючых, дасць магчымасць дакрануцца да вытокаў беларускага нацыянальнага танцавальнага мастацтва і пазнаёміць з лепшымі сучаснымі эстраднымі танцамі. Дарэчы, у конкурсе прымуць удзел пяць танцавальных калектываў нашага горада, якія, мы ўпэўнены, годна прадставяць нашу малую радзіму.

Чакаем прыхільнікаў гэтага прыгожага жанра мастацтва 21 красавіка ў дзяржаўнай установе культуры “Смаргонскі раённы цэнтр культуры”. Пачатак конкурсу ў 12.00 гадзін, уваход вольны.

Тамара СЯМЕНЧАНКА, загадчык аддзела метадычнай работы ДУК “Смаргонскі раённы цэнтр культуры”.
Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений