Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе…

Культура
05.12.2017 08:57
Пакаленне, якое не ведае свайго мінулага, не мае будычыні. Гэта аксіёма. Як і сцвярджэнне вядомага рускага пісьменніка Віктара Астаф’ева пра тое,  што “Радзіма - гэта ўсё і, перш за ўсё, мова, прырода, старажытная гісторыя сваёй краіны, яе продкі, народныя песні і паданні, памяць пра продкаў…”

Яшчэ ў раннім дзяцінстве многія з нас пазнаёміліся з Дамавіком, Лешым, Бабай Ягой, Цмокам, Русалачкай, Вадзяніком… А якая гісторыя іх паходжання?  Хто ведае? Мала хто. Менавіта з гэтай інфармацыі і распачаўся ў пачатковай школе гімназіі праект “Хачу усё ведаць. Займальнае падарожжа ў Гісторыю”. Вучні 4 “А”, 3 “А”, 3 “В”, 2 “А” класаў, бацькі, класныя кіраўнікі Людміла Квяткевіч, Алена Кавака, Вольга Касцюшэўская, Алена Вяршковіч працуюць у трох накірунках: “Міфы і паданні ўсходніх славян. Абярэгі ў народнай творчасці “, “Гульні і абрады “, “Твой радавод”.

Кіраўнік праекта Людміла Квяткевіч стварыла інфармацыйны блог “Усходнеславянская міфалогія”, сеткавую суполку “Машына часу або падарожжа ў гісторыю”, дзе размешчана шмат цікавых відэа для дзяцей і дарослых. Вучні рыхтуюць паведамленні і прэзентацыі, якія прапануюць на пазакласных мерапрыемствах і інфармацыйных гадзінах, удзельнічаюць у майстар-класах па вырабе масак у тэхніцы пап’е-машэ. Вучні 4 “А” класа пабывалі ў “Дзіцячым музеі міфалогіі і лесу” ў Заслаўі.

У гімназіі арганізавана выстава лялек і падзелак, зробленых рукамі дзяцей і бацькоў. Яе наведалі не толькі гімназісты, але і выхаванцы дзіцячых садоў. У планах – канферэнцыі і анлайн-віктарыны “Падарожжа па старонках міфаў, легендаў і казак”, тэатралізаванае прадстаўленне “Навагодняя казка”, стварэнне вучнёўскіх відэаролікаў па тэме праекта.

- Плённая праца, прысвечаная міфам славян пра стварэнне свету, народным гульням, нацыянальнаму народнаму касцюму, каляндарнай абраднасці і традыцыям сямейнай культуры, дапаможа пашырыць кругазор і развіць творчы патэнцыял малодшых школьнікаў, - лічыць Людміла Квяткевіч. - Дазволіць дзецям усвядоміць, што традыцыі народа трэба ведаць і разумець, бо яны дапамагалі людзям жыць, ствараць і захоўваць сваю духоўнасць і нацыянальную непаўторнасць.

IMG_4609.JPG

IMG_4615.JPG

IMG_4627.JPG

IMG_4631.JPG

Алена ВЯРШКОВІЧ, настаўніца 2 “А” класа гімназіі.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений