Выхаванцы дзіцячага сада №8 наведалі музей

Культура
30.11.2017 15:30
З самай раніцы дзеці хваляваліся: сёння яны ўпершыню пойдуць на экскурсію ў музей. І так распачнецца праект “Вандроўкі па Смаргоні”, якія вырашылі рэалізаваць выхаванцы беларускамоўнай групы №12 і іх бацькі. Мэта праекта: вывучэнне роднага горада і яго аб’ектаў, удасканаленне навыкаў беларускага маўлення. І першая вандроўка – у “Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей”, дзе малых чакае тэатралізаваная экскурсія.

У музеі наведвальнікаў гасцінна сустрэла гаспадыня і расказала  пра старажытнае мястэчка Смаргонь і яе ваколіцы, пазнаёміла з самымі старымі экспанатамі музея, якія былі знойдзены падчас раскопак Крэўскага замчышча.

А потым усе апынуліся на сапраўдным кірмашы, дзе можна было паглядзець старадаўні посуд, прылады працы і прадметы побыту. Многія прадметы дзеці ўжо ведалі, бо добра слухалі падчас заняткаў у дзіцячым садзе. Увагу прыцягнуў вялізны кош для захавання вяндліны, малыя адразу ўспомнілі казку пра Машу і мядзведзя, які нёс піражкі бабулі. А зімовы сялянскі вазок – нагадаў казачны транспарт Дзеда Мароза. Далей дзяцей да сябе паклікала абаранніца, якая расказала і паказала пра працэс стварэння знакамітых смаргонскіх абаранкаў.

Вочы хлопчыкаў і дзяўчынак загарэліся яшчэ мацней, калі на кірмаш завітаў павадыр са сваім вучоным мядзведзем. Што толькі не вырабляў гэты выпускнік “мядзведжай акадэміі”: крочыў, як салдацік, прыхарошваўся перад люстэркам, як сапраўдная прыгажуня, паказваў, як дзеткі не хочуць уставаць раніцай у дзіцячы сад… Вельмі добры, лагодны, мяккі мядзведзь гуляў з малымі, вучыў іх розным танцавальным рухам, якія сам засвоіў у мядзвежай школе.

8.jpg

15.jpg

1.jpg

Канешне, выхаванцы атрымалі  шмат уражанняў і станоўчых эмоцый ад наведвання краязнаўчага музея, а ячшэ – “абаранку на зубок”. Таму першае пытанне, якое прагучала пасля цудоўнай экскурсіі: “А калі мы зноў пойдзем у музей?”

Хачу выказаць шчырую падзяку супрацоўнікам смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея за добразычлівасць, гасціннасць, прафесіяналізм, прыгожую беларускую мову падчас аповяду.

Эдзіта Бранцэвіч, выхавальнік дашкольнай адукацыі ясляў-сада №8.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений