Рытарычных пытанняў майстар

Культура
25.09.2015 14:32
1140
Чарговая кніга вершаў выдатнага беларускага паэта, нашага земляка Мар’яна Дуксы выйшла ў выдавецтве “Чатыры чвэрці”. Зборнік пад назвай “Птушка вечнасці – душа” выдадзены ў серыі “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі”. 
Многія творы з новай кнігі друкаваліся ў літаратурных часопісах і альманахах. Пераважная большасць вершаў напісана напрыканцы мінулага стагоддзя і напачатку так званых...

Чарговая кніга вершаў выдатнага беларускага паэта, нашага земляка Мар’яна Дуксы выйшла ў выдавецтве “Чатыры чвэрці”. Зборнік пад назвай “Птушка вечнасці – душа” выдадзены ў серыі “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі”. Книга Дуксы


Многія творы з новай кнігі друкаваліся ў літаратурных часопісах і альманахах. Пераважная большасць вершаў напісана напрыканцы мінулага стагоддзя і напачатку так званых нулявых. Але, напісаныя ва ўласцівай Мар’яну Дуксе манеры глыбокіх філасофскіх разважанняў, яны застаюцца актуальнымі, а з цягам часу яшчэ больш набываюць каштоўнасці, дзякуючы трываласці выкладзеных аўтарам маральных прынцыпаў і эстэтыцы вершаванага радка.
Асабісты вопыт спасціжэння Бога і занепакоенасць лёсам народа, Айчыны, заклапочанасць будучыняй роднай мовы і выкрутастым лёсам нацыянальнай культуры, матывы расчараванняў і ўсёперамагаючая любоў да чалавека – вось асноўныя лейтматывы большасці вершаў. Адчуванне сваёй мізэрнасці ў Сусвеце (“Ці ўзвысіцца мой кволы галасок над гімнамі пушчанска-баравымі?”) і адначасова аптымістычная ўпэўненасць у сіле чалавечага духу (“Агонь твой не, не дагарыць,/ яшчэ пасвеціць яркай зоркаю./ Ты праўду будзеш гаварыць – салодкую ці вельмі горкую.”), канстатацыя сваёй бездапаможнасці перад націскам гвалту (“Навокал пакуты, на пласе – галовы…”) і пратэст супраць бездухоўнасці (“А сыплецца з вачэй людскіх гарох,/ як пачынаюць спрэчку фарысеі.”) чаргуюцца з лірычнымі строфамі і вытанчаным метафарычным гумарам аўтара.
Тры жабы скочылі на корч
І партыю стварылі.
А потым квакалі ўсю ноч,
Аб шчасці гаварылі…
Цяпер з карча – і ў гэтым соль –
Не згоніш тых салістак.
І нават бусел – іх кароль –
Баіцца папулістак.”
І, як заўжды, вельмі шмат у аўтара рытарычных пытанняў. Ці не кожны другі верш пачынаецца ці заканчваецца пытаннем: “Вам спалася салодка па начах, у фрэнчах і касцюмчыках, тыраны?”, “Што за суседства адчужаных слоў?”, “Выносныя сосны, хто ж я сярод вас?”, “…лепей што – геніяльныя дзеці/ альбо дзеці, шчаслівыя вельмі?” А вось суцэльны верш-рыторыка:
Няспынны бег, шалёны бег.
Ён з кожным годам нарастае.
Што з гэтага? Душа пустая.
Што мы ўхапілі? Грэх і смех.
Куды пусціліся так хутка?
На газ абцасамі - смялей!
Хай набягае вёрст накрутка,
Тэмп вар’яцее… Што далей?..
Сапраўды, Мар’яна Дуксу можна смела назваць майстрам рыторыкі, бо яго пытанні, не патрабуючыя адказу, ўтрымліваюць у сабе вельмі дасканалы, часам геніяльны напрамак, што прыводзіць да высноў без аўтарскага разжоўвання звычайных ісцін.
Яшчэ ў зборніку шмат разважанняў аўтара пра месца паэзіі і паэта ў сучасным свеце. І тут майстар слова застаецца верным сабе і сваім перакананням. Сваёй творчасцю ён упарта сцвярджае, што вершы – не легкадумная пацеха на вясёлай вечарынцы. Паэзія, як сястра філасофіі, павінна вучыць жыццю па самых высокіх мерках чалавечай адказнасці, быць паходняй, што асвятляе дарогу праз змрок, і быць духоўнай ежай, што сілкуе розум маладым і надае душэўнай раўнавагі сталым.

Ала КЛЕМЯНОК.


 

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений