Хлеб

Культура
04.09.2015 10:37
1163
У часы бяссонніцы ўпартай
Прыходзіць мінулае да мяне.
Уздыхаю, дзяцінства ўспамінаючы…

Пятрусь Броўка.

Ва ўсім свеце захоўваецца асаблівая павага да хлеба. Нават у малітвах просім мы не багацця і поспехаў, а хлеба надзённага.
Ужо далёка адышло маё дзяцінства, а як пачую слова “хлеб”, - адразу паўстаюць у памяці вясковая печ з заслонкай, дзяжа, хлебная лапата.
Пэўна...
У часы бяссонніцы ўпартай
Прыходзіць мінулае да мяне.
Уздыхаю, дзяцінства ўспамінаючы…

Пятрусь Броўка.

Ва ўсім свеце захоўваецца асаблівая павага да хлеба. Нават у малітвах просім мы не багацця і поспехаў, а хлеба надзённага.
Ужо далёка адышло маё дзяцінства, а як пачую слова “хлеб”, - адразу паўстаюць у памяці вясковая печ з заслонкай, дзяжа, хлебная лапата.
Пэўна кожны вясковы гаспадар меў колісь жорны. Нашы жорны былі з лёгкімі каменнямі. Таму мама несла малоць падсушанае жыта ў цяжкія жорны да суседа, каб атрымаўся тонкі памол. А мне загадана было наскрабаць вядро бульбы. Для мяне гэта – на паўдня работы. Пасля вяртання з меліва мама варыла бульбу для хлебнай рошчыны. Назаўтра раніцою мясіла ўжо хлебнае цеста. Саджаючы ў печ першы бохан, рукой рабіла на ім знак крыжа. Такая традыцыя была ў кожнай хрысціянскай хаце.
Такім захавала мая памяць хлеб ваеннага часу.
Яшчэ доўга пасля вайны давялося гібець…
З нашай вёскі пяцёра хлапчукоў досвіткам ішлі ў Смаргонь. Там на станцыі яны чакалі з Маладзечна хлебны вагон. На падыходзе вагона хлапчукі стрымгалоў беглі да прыпынку і шыліся ў людскую чаргу. Трэба было па адной хлебнай “цаглінцы” набраць хаця б якіх 3-5 штук.
Аднойчы Стась прытуліўся да прыстойнага выгляду мужчыны, а той нечакана і моцна хапіў хлапчука за каўнер вопраткі ды давай яго трэсці. У вачах Стася зрабілася мітусня. Ён так разрумзаўся, што аж ікаўка пайшла. Тут і два меншыя хлопчыкі заскуголілі па Стасю. А мужчына кпіць: “Заенчылі, як у адной кашулі хрышчаныя!” Жанчына з чаргі як азерыцца на яго: “Ах ты, вядзьмар бязлітасны, перастань трэсці гэтага худзенькага хлапчука! Ён жа есці хоча. Хай возьме дзіця свой хлеб!”
Мужчына толькі буркнуў: “Калі худ, не лезь на кут!”
Але тузаніна скончылася. Затое мянушка “Худ” прыліпла да небаракі на ўсё яго зямное жыццё. А дзеці, шморгаючы насамі, паклалі дабыты хлеб у торбы-заплечнікі і рушылі дамоў…
Дачакаліся людзі такога часу, што хлебам сталі скаціну карміць, печы скасавалі. Цяпер чакаюць прывазны хлеб з аўталавак. Чаканне пераходзіць у пасядзелкі, дзе вяскоўцы наракаюць, што нейкую новую назву хлебу прыдумаюць і ставяць большую цану…
Але ў некаторых вёсках Заходняй Беларусі яшчэ і цяпер калі-нікалі гаспадыні пякуць хлеб па ранейшых рэцэптах. Паважаных гасцей сустракаюць соллю і жытнім хлебам, а ні ў якім разе здобным пшанічным караваем. Тым самым памагаюць маладым нашчадкам усвядоміць сакральнае значэнне хлеба.
Па сутнасці, кожны сумленны чалавек павінен абагаўляць гэту святыню і найвялікшую каштоўнасць – Хлеб. Хлеб наш надзённы.

Эмілія ОПЕНЕ.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений