Грайце і ўзбагачайцеся: Самы старэйшы калектыў Смаргонскага раёна адзначыў 70-гадовы юбілей

Концерты
22.12.2018 09:13
534
Стары фотаздымак з абарваным вуглом нейкім дзівосным чынам вярнуў траіх сяброў  больш чым на паўстагоддзя назад. Тады яны былі падлеткамі. Цяпер – напоўненыя мудрасцю і ўспамінамі мужчыны. Рышард Раманоўскі, Віктар Брылеўскі і Уладзімір Церабун – былыя ўдзельнікі цымбальнага аркестра, якім кіраваў Аляксандр Дзяруга. Ніхто з іх не стаў прафесійным музыкантам, але любоў да музыкі не пакідае кожнага і дагэтуль. Уменне граць на музычным інструменце спатрэбілася Рышарду, калі ён служыў падводнікам у Ленінградзе. Віктар у розныя часы быў удзельнікам у чатырох народных калектывах. А Уладзімір і цяпер грае для душы.

IMG_1655.JPG

“Тут ноты жыццём напісаны”

У мінулую нядзелю самы старэйшы калектыў раёна адзначыў сямідзесяцігадовы юбілей. Народны цымбальны аркестр імя Аляксанда Дзяругі, які  працуе на базе раённага Цэнтра культуры,  выступіў з канцэртам “Гучаць цымбалы, гармонік грае”.

З юбілеем артыстаў павіншавала начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяна Ражава. Чым вылучаецца гэты калектыў сярод іншых? Таццяна Мар’янаўна лічыць: “Сваім творчым даўгалеццем”. І тым, што яму заўсёды шанцавала з высокапрафесійнымі кіраўнікамі. Высокую планку, якую паставіў аркестру яго заснавальнік і першы кіраўнік Аляксандр Дзяруга, да гэтага часу ўдалося ўтрымаць.

Аляксандр Анісімавіч са сваімі музыкантамі выступаў не толькі перад мясцовай публікай. Іх запрашалі на беларускае тэлебачанне, а таксама з канцэртамі ў Літву, Польшчу і Германію. Творчаму смаргонцу нават было прысвоена званне “Заслужаны дзеяч культуры Беларусі”.

Сярод ганаровых гасцей на юбілейным канцэрце быў Мікалай Дзяруга, сын мэтра, які таксама звязаў свой лёс з музыкай. “Мне хацелася б сёння быць не ў зале, а на сцэне, за сваім любімым раялем… - прызнаўся сталічны госць. - Мой тата быў сціплым чалавекам, а музыку любіў бясконца. Таму сёння мы прыехалі да вас з музычным падарункам”. Пад акампанемент Мікалая Аляксандравіча студэнт акадэміі музыкі Раман Анташкевіч выканаў два рамансы.

IMG_1735.JPG

Мікалай – сын Аляксандра ДЗЯРУГІ.


Былы загадчык аддзела культуры райвыканкама Соф’я Лазар таксама падзялілася ўспамінамі пра Аляксандра Анісімавіча. Прыгадала пра яго талент хормайстра. Хор, якім кіраваў Дзяруга, выступаў на святах, што ладзіліся на беразе Віліі. Колькасць удзель­нікаў хору дасягала паўтысячы чалавек!

А яшчэ Аляксандр Анісімавіч  збіраў па вёсках фальклор, апрацоўваў мелодыі і ўво­дзіў іх у рэпертуар калектыву. Цымбальны аркестр тады быў адзіны ў Беларусі, слава пра яго ішла па ўсёй рэспубліцы.

IMG_1751.JPG

Ольгерд АПАНОВІЧ і Соф’я ЛАЗАР.


“Звіняць цымбалы, як крыніцы…”

Эстафету ад Аляксандра Дзяругі прыняў Ольгерд Апановіч, які больш за трыццаць гадоў кіраваў аркестрам. Ён таксама быў у ліку ганаровых гасцей і выступоўцаў.

Пэўны час калектывам кіравала Ірына Гавіна. Апошнія дзесяць гадоў – Вольга Грагоўская, таленавіты настаўнік школы мастацтваў. Побач з ёй у аркестры граюць  былыя вучаніцы – Ангеліна Клачкевіч, навучэнка гімназіі-калледжа імя Ахрэмчыка, Алена Савіцкая, студэнтка Беларускай акадэміі музыкі, Інэса Грагоўская, салістка аркестра заслужанага калектыву Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі, а таксама “зорачка” школы мастацтваў Анастасія Ванеева. Прафесійным майстэрствам Насці захапляліся многія былыя ўдзельнікі калектыву – бачылі раней яе выступленні і на сцэне, і на тэлебачанні. Насця ў чарговы раз здзівіла публіку: на юбілейным канцэрце нараўне з дарослымі прайграла ўсю праграму аркестра.

Цяпер калектыў налічвае 20 чалавек. Большасць – настаўнікі школы мастацтваў, шмат моладзі. Свой разнастайны рэпертуар яны прэзентавалі гледачам. На юбілейным канцэрце да сваіх маладых калег далучыліся вопытныя настаўнікі школы мастацтваў:  Тамара Радзевіч, Зінаіда Ворашэнь і Наталля Крутаўцова. У школе яны не вучаць граць на цымбалах. Але на свяце селі за цымбалы і сыгралі, як некалі ў юнацтве. Менавіта Аляксандр Дзяруга не проста даў пуцёўку ў прыгожы свет мастацтва гэтым таленавітым жанчынам, а зрабіў музыку іх хлебам. І духоўным, і фізічным.

IMG_1670.JPG

Удзельніцы цымбальнага аркестра. У цэнтры – кіраўнік Вольга ГРАГОЎСКАЯ.


З юбілеем аркестр прыехалі павіншаваць калегі з Астраўца – народны ан­самбль народных інструментаў “Скарбніца”. І калі адбылося зводнае выступленне калектываў са Смаргоні і Астраўца, здаецца, нават нябёсы здрыгануліся, і сам Аляксандр Дзяруга памахаў рукой – блаславіў музыкаў на далейшае творчае ўзбагачэнне.

IMG_1767.JPG

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.


А ці ведаеце вы, што…

Расказвае Уладзімір Церабун, скульптар, графік, жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь:

“Раней цымбалы не мелі ножак. У аркестры, якім кіраваў Аляксандр Дзяруга, на цымбалах гралі, у асноўным, дзяўчаты. Трымаць цымбалы на каленях было нязручна, яны пастаянна ссоўваліся. Прыдумалі рамкі-падставачкі, але і яны былі не вельмі дасканалыя, хутка ламаліся.

Аднойчы мне прыйшла думка паставіць цымбалы на ножкі. Я быў школьнікам, дзевяцікласнікам, дружыў з геаметрыяй, таму хутка зрабіў разлікі, чарцяжы і паказаў іх Аляксандру Анісімавічу. Дзяругу мая ідэя спадабалася. Захацеў толькі праверыць, які будзе гук у інструмента, калі яго паставіць на ножкі. Праверыў. Гук аказаўся цудоўным. Пасля гэтага Дзяруга заказаў металічныя ножкі, і я ўсталяваў іх да ўсіх цымбалаў. Дзесьці праз год (у 1962) аркестр выступаў у Мінску. Калі наша ноу-хау ўбачылі ў сталіцы, неўзабаве Барысаўская фабрыка музычных  інструментаў стала выпускаць цымбалы на ножках. Прычым ножкі былі выкананы адзін у адзін з тымі, эскіз да якіх я зрабіў будучы школьнікам. І такія яны па сённяшні дзень”.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений