З гісторыі вёскі Сялец

Год малой родины
21.01.2019 09:13
775
Ужо больш за 40 гадоў я жыву ў вёсцы Сялец. З 1977 па 1990 працавала тут дырэктарам школы. За гэты час абжылася ў гэтым краі і па праву магу назваць яго родным. Я пазнаёмілася тут з цікавай гісторыяй мясцін, пасябравала з добрымі, працавітымі людзьмі, пачула аповеды старэйшых людзей.

деревня Сморгонский район.jpgВёска да Першай сусветнай вайны іменавалася Вялікае Замасце. Яна вылучалася сярод іншых сваёй прыгажосцю, бо людзі пасадзілі ля хат яблынькі. У той час садамі вёскі не славіліся, пладовых дрэў садзілі мала, яблынькі былі рэдкімі гасцямі. Дрэўцы разрасліся. Вясной і летам яны цешылі вока. Людзі мелі амаль круглы год садавіну. І мясцовыя жыхары сталі называць неафіцыйна вёску “Залаты яблык”. У 1907 годзе ў адным і ў другім канцах вёскі пабудавалі каплічкі, дзе вернікі збіраліся да малітвы. Адна з каплічак, з паўднёвага боку вёскі, захавалася і да сённяшняга дня. Тут збіраюцца людзі на малітву ў святы, а ў маі - кожны дзень. Побач праводзяцца святы вёскі, заўсёды прыязджаюць прадстаўнікі мясцовай улады і ксёндз. Каплічку уквечваюць, чытаюць малітвы, вершы.

У Першую сусветную вайну вёска Вялікае Замасце аказалася паміж молатам і кавадлам, бо тут якраз праходзіла лінія фронту. Рускія стаялі ў Рацавічах, а немцы ў Чарнятах. Салдаты адны і другія збудавалі ўмацаванні з бярвенняў. Ля каплічкі з поўдня пахаваны рускі салдат, мабыць, разведчык, якога забілі немцы.Вяскоўцаў тут амаль не было, бо ўсе былі ў бежанстве. Але тыя, хто тут застаўся, салдата пахавалі, выкапалі дол, паклалі дошкі, цела загарнулі ў пасцілку. Ён і цяпер пакоіцца тут, праўда, безымянны.

У вайну вёска Вялікае Замасце згарэла датла. Людзі вярнуліся сюды ўжо на папялішча, усё пазарастала бур’яном, а на ўсходзе ад вёскі красаваўся прыгожы бярэзнічак. Адна каплічка засталася, як верны вартаўнік вёскі, другая (з паўночнага боку) была разбурана. Людзей да сваёй роднай мясціны цягне, як магнітам. Праз шэсць гадоў вярнуліся яны сюды. Па каплічцы сталі вызначаць, дзе чый стаяў двор. Спачатку будавалі зямлянкі, выкарыстоўвалі гатовае бярвенне з ваенных умацаванняў, жалі высокую траву і накрывалі стрэхі замест саломы, выкарыстоўвалі і яловыя галінкі. Некаторыя сем’і жылі ў зямлянках працяглы час, пакуль не ўзвялі дамы. Усё давалася цяжкімі высілкамі, але працавітасць і згуртаванасць далі плён. Спачатку шмат што куплялі ў складчыну – каня, некалькі каровак, збіралі і сушылі грыбы. Адварам грыбоў выпойвалі цялятак.

Вёску назвалі па новаму – Сялец. Людзі любілі і шанавалі сваю карміцельку-зямлю. Кожны закуток меў сваю назву. Загор’е – з захаду, там сапраўды мясціна ўзгорыстая. Смыкава – месца, дзе злучалася вёска з хутарамі. Цэнтральную частку вёскі нават назвалі Ерусалімам, а луг з паўночна-заходняга боку назвалі Маслаўшчына. Каб не гэты луг, то адкуль бы было масла! Маслаўшчына з поўначы абрамляецца рачулкай Зуста, якая выцякае з Мохавага азярца. Мужчыны казалі, што гэта возера дна не мае, бо звязаныя жэрдкі яго не даставалі.

Пра рачулку Зуста занатавана ў кнізе “Памяць”: “Даўжыня Зусты – пятнаццать кіламетраў, упадае ў рэчку Спягліца, што на ўскраіне вёскі Навасёлкі”.

Другую каплічку, што была разбурана ў гады Першай сусветнай, вернікі адбудавалі ў 1995 годзе. Яна значна большая за першую, туды можна нават зайсці. Але маленні праходзяць тут, каля 100-гадовай, па традыцыі ці па звычцы. Паколькі людзей цяпер у вёсцы мала, то збіраюцца ля адной. Калі чалавека праводзяць у апошні шлях, то ля каплічкі абавязкова спыняюцца, моляцца і ўскладваюць кветкі. Хачу зазначыць, што школа наша называлася Замосцеўская, па старой назве, ды яшчэ і таму, што ў раёне ўжо была Сялецкая школа.

Яўгенія КУЛЕВІЧ, былы дырэктар Замосцеўскай школы.

Фота выкарыстана ў якасці ілюстрацыі.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений