Смаргоншчына гістарычная: З гісторыі станцыі Залессе

Сморгонщина историческая
22.03.2018 07:05
820
Калі ўявіць гісторыю тэхнікі ў выглядзе дарогі, дзе адзін міліметр шляху адпавядае году, то ўвесь час ад вынаходніцтва чалавекам першых каменных прылад працы да нашых дзён укладзецца прыкладна ў 3 кіламетры. Павозка на колах з’явіцца на апошніх 6 метрах гэтага шляху і толькі каля 20 сантыметраў гэтай умоўнай шкалы гісторыі прыпадзе на станаўленне чыгуначнага транспарту. Гэта непараўнальна малая адлегласць у маштабе ўсёй гісторыі чалавецтва, але вельмі значная і важная для развіцця тых мясцін, па якіх праляглі рэйкі чыгуначных ліній.

Станция Залесье.jpg

На станцыі Залессе, 1915 г.


Уведзеная ў эксплуатацыю 145 год таму Ландварова-Роменская чыгунка, якая праз тры гады пасля далучэння да яе эканамічна стратнай Лібаўскай чыгункі стала называцца Лібава-Роменскай, паклала новую эру ў індустрыялізацыі грамадства, спрыяла эканамічнаму росквіту нашай тэрыторыі. Дзякуючы ёй адбываецца хуткі пад’ём Смаргоні, якая на мяжы мінулых стагоддзяў па тэмпах эканамічнага развіцця апярэджвае суседнія гарады, становіцца прамысловым цэнтрам рэгіёна. А будаўніцтва побач з сядзібай Агінскага чыгуначнай станцыі, якой надалі аднайменную з маёнткам назву Залессе, спрыяе фарміраванню новага населенага пункта. І невядома, ці перарос бы маёнтак Залессе ў цяперашняе паселішча, каб не з’явілася тут чыгуначная станцыя. Так, напрыклад, не маючы значных камунікацыйных шляхоў эканамічна моцны недалёкі маёнтак Ціцін Мілеўскіх не толькі не вытрымаў выпрабаванне часам, але нават не змог захаваць сваёй назвы на сучаснай карце раёна.

Зручнае месцазнаходжанне, станцыя Залессе была размешчана амаль на палове чыгуначнага шляху ад Вільні да Мінска, спрыяе пабудове адваротнага дэпо. У яго ўваходзіла дзевяць стойлаў, паваротны круг, тракцыённыя пуці даўжынёй 1145 м. Дэпо выконвала работы па бягучаму рамонту грузавых вагонаў і абсталяванню вадакачак. Пры дэпо ўзводзіцца дравяны склад, а пазней і склад для вуглю. Першым начальнікам дэпо ў 1873 годзе з’яўляўся Павел Аўгусцінавіч Флетэ, а першым начальнікам станцыі – адстаўны прапаршчык Эдуард Карлавіч Гібшман, абодва лютаранскага веравызнання.

Для падачы тэхнічнай вады ўзводзіцца вадакачка на левым беразе ракі Віліі. Пры дапамозе паравога рухавіка помпы па керамічных трубах у свінцовай абалонцы падавалі ваду ў воданапорную вежу, ці па тагачаснай тэрміналогіі ў водапад’ёмны будынак. На працягу сутак у два бакі накачвалася 882 кубічных футаў вады. Ад станцыі да вадакачкі быў пракладзены чыгуначны пуць, які праіснаваў да Першай сусветнай вайны.

Вылучаўся сваёй архітэктурай будынак вакзала на два канцы, са скразным цэнтральным праходам. Станцыя 2 класа Залессе адрознівалася ад суседняй станцыі 3 класа Смаргонь, станцыі 4 класа Мала­дзечна, а тым больш ад палустанцыі Пруды наяўнасцю буфета. Бліжэйшыя станцыйныя буфеты былі размешчаны ў Мінску і Новай Вілейцы. У будынку вакзала таксама знахо­дзіўся тэлеграф з 4 чорнапішучымі электрамагнітнымі тэлеграфічнымі апаратамі. У комплекс прычыгуначнай станцыённай забудовы ўваходзяць 6 жылых дамоў з запамінальнай драўлянай архітэктурай, якія разам з пакгаўзам па сённяшні дзень упрыгожваюць прастору вакол вакзала.

Пазнавальная інфармацыя пра хуткасць руху і кошце квіткоў на праезд знаходзіцца ў раскладах цягнікоў. З іх можна даведацца, што адлегласць ад Залесся да Мінска пасажырскі цягнік у 1887 годзе пераадольваў за 3гадзіны 36 хвілін, а ў пачатку 20 стагоддзя гэты час скараціўся да 2 гадзін 53 хвілін. У той жа прыкладна перыяд на гэтым маршруце кошт праезду ў вагоне 3 класа ўзрос з 1 руб. 17 кап. да 1 руб. 61 кап., а ў вагоне 1 класа – адпаведна з 2 руб. 82 кап. да 4 руб. 03 кап.

Запамінальнай падзеяй у жыцці Залесся стала сустрэча на станцыі 22 снежня 1904 года цара Мікалая з прадстаўнікамі сельскіх дэпутацый ашмянскага і вілейскага ўездаў. У гэты дзень, вяртаючыся ў Царскае Сяло пасля агляду войскаў у Мінску, царскі поезд спыніўся ў Залессі, дзе асобу Мікалая ІІ вітаў віленскі губернатар Канстанцін Пален на чале мясцовых дэлегатаў. Кароткае паведамленне пра сустрэчу, якая адбылася, падаў пецярбургскі часопіс “Край”, адзначыў яе і сам цар у сваім дзённіку.

У лёсе станцыі трагічнай старонкай запісаны падзеі Першай сусветнай вайны, калі Залессе зведала сур’ёзныя выпрабаванні. У самім паселішчы і вакол яго размяшчаліся вайсковыя штабы, шматлікія склады, шпіталі, пункты Чырвонага Крыжа і іншых арганізацый дапамогі, праз залескія мясціны праляглі шляхі многіх вядомых асоб. Але гэтая гісторыя, не менш цікавая за папярэднюю, патрабуе асобнага аповеду.

Уладзімір ПРЫХАЧ.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений