У пошуку знакамітасцей: Тургенеўская пані з Солаў

Сморгонщина историческая
13.02.2018 10:22
1871
Калі на вочы трапляюцца звесткі пра сувязь сусветна вядомых людзей са Смаргоншчынай, узнікае жаданне больш даведацца пра гісторыю падзеі і пра мясціну, з якой звязана гэтая падзея.
Soly5.jpg

Такой чарговай нагодай стала знаходка факта, што 1 (13) сакавіка 1870 года класік рускай літаратуры Іван Тургенеў накіраваў ліст Наталлі Рашэт у маёнтак Солы. Сярод іншага пісьменнік заўважыў: “Я даже немедленно взял карту России на немецком языке – и отыскал в Ошмянском уезде деревню Солы на реке Ошмянке. Это ли Ваши Солы? (к северу от Ошмяны и в недалёком оттуда расстоянии). Я воображал, что Вы зимуете в Вильне; но, поразмыслив, вижу, что избрали благую часть”.

Хто ж такая Наталля Рашэт і якое дачыненне яна мела да смаргонскай мясціны? Пошук адказу прывёў да ўзнаўлення невядомага раней імя нашай зямлячкі. Наталья Мікалаеўна Рашэт (1830-1894) была малодшай дачкой генерала Антропава. Нарадзілася яна каля 1830 года ў Солах, спадчынным маёнтку маці - з роду Сабаньскіх. Выхоўвалася ў Беластоцкім інстытуце шляхетных дзяўчат, курсы якога скончыла ў 1847 годзе з залатым медалём, і ў хуткім часе выйшла замуж за камандзіра гвардзейскага сапёрнага батальёна Уладзіміра Рашэта, унука знакамітага скульптара Якава Рашэта. Муж быў нашмат старэйшы за жонку, пражыў з ёю нядоўгі час і пасля смерці ў жніўні 1855 года пакінуў яе маладою ўдавою. Праз некаторы час Н. Рашэт зноў выйшла замуж за свайго сваяка Л. Антропава, але гэты шлюб быў непрацяглым, і пасля разводу Наталля стала зноў выкарыстоўваць прозвішча Рашэт.

У 1860-1872 гг. жыла за мяжою – у Германіі, Швейцарыі, Францыі, дзе Іван Тургенеў з ёю пазнаёміўся ў пачатку 1860-х у Парыжы. Пісьменнік пастаянна сустракаўся і пасылаў лісты гэтай “любезной, милой женщине”, да якой быў “искренне привязан”, “правдивость, чистоту и доброту души” якой ён глыбока паважаў. Іван Тургенеў прыцягнуў Наталлю Рашэт да перакладу з французскай мовы казак Шарля Перо, выданне “Казак” з дароўным надпісам пісьменніка нашай зямлячкі захоўваецца ў кніжных фондах Дзяржаўнага літаратурнага музея. Таксама ў архіве пісьменніка захоўваецца яе фотаздымак і 48 лістоў ад Тургенева да Рашэт за 1862-1872 годы. Сярод яе добрых знаёмых можна ўзгадаць А. Жамчужнікава, І. Ганчарова, М. Дабралюбава. У сваім радзінным сольскім маёнтку Наталья Рашэт праводзіць з дочкамі зіму 1870 года, пра што сведчыць узгаданы ліст вядомага пісьменніка.

Пасля смерці 27 чэрвеня 1876 года яе маці А. Антропавай, магіла якой захоўваецца па сёння на мясцовым касцельным цвінтары, наступным уладальнікам Солаў становіцца Аўксенцій Сцяпанавіч Іваноў. Пакуль невялікая жменька фактаў раскрывае біяграфію новага гаспадара. Нарадзіўся А. С. Іваноў 14 лютага 1842 года, адукацыю атрымаў у Пятроўскім Палтаўскім кадэцкім корпусе і 2-м ваенным Канстанцінаўскім вучылішчы. Падчас паўстання 1863-1864 гг. апынуўся на Віленшчыне і з 21 жніўня 1868 года ў званні паручніка служыць памочнікам рэманціра ў рамонтна-артылерыйскай камандзе Віленскай акругі. Рэманціры закуплялі і пастаўлялі коней і артылерыйскі рыштунак для арміі. Паспяхова выконваючы ўскладзеныя на яго абавязкі, Аўксенцій Іваноў з 1872 года па 1899 год займае пасаду рэманціра артылерыі акругі. Пасля адстаўкі, з 1900 года да Першай сусветнай вайны, жыў папераменна ў сваім віленскім доме на Георгіеўскім праспекце ці ў сольскай сядзібе, з’яўляўся ганаровым суддзёй Смаргонскай судова-міравой акругі, сябрам савета Віленскага сельскагаспадарчага таварыства, старшынёй прыёмнай камісіі па ваенна-коннай павіннасці. За гады службы быў узнагароджаны ордэнамі св. Уладзіміра 4 ступені, св. Ганны і св. Станіслава 3 і 4 ст.

Узбагаціўшыся на артылерыйскіх закупках, А. Іваноў пасля 1876 года набывае маёнтак Солы і пачынае разбудоўваць гаспадарку, укладваючы ў развіццё вялікія капіталы. У 1885 годзе заснаваў Сольскі вінакурны завод. На супрацьлеглым ад маёнтка, правым беразе ракі Ашмянкі закладваецца новае паселішча з назвай Малыя Солы. Зяць генерала Іванова гродзенскі губернскі прадвадзіцель дваранства, калежскі саветнік, камергер Мікалай Невяровіч па свайму метаду будуе тут у 1908 годзе глінабітны сядзібны дом, эксперыментуе з іншымі тэхналогіямі глінабітнага будаўніцтва.

Але самым маштабным сольскім праектам Аўксенція Іванова стала арганізацыя рыбнай гаспадаркі. Як адзначала выданне “Край” у публікацыі за 25 чэрвеня 1904 года, у Солах на той час было затоплена вадою 160 дзесяцін балот з запланаваных 350 дзесяцін, ствараліся 8 адсепараваных ставаў. Заснаванне рыбнай гаспадаркі павінна было каштаваць 350 тысяч рублёў, што абавязкова б акупілася ў будучым. Работамі кіраваў вядомы вучоны-іхтыёлаг Сабалеўскі. Для патрэб вытворчасці ад чыгуначнага раз’езда №12 пракладвалася вузкакалейка працягласцю 4 вярсты. Ужо на наступны год сольская гаспадарка прапаноўвала для зарыблення каралеўскага карпа, кошт якога складаў 1 рубель за капу, гэта значыць за 60 малявак. Перад Першай сусветнай вайной жывая рыба з Солаў карысталася вялікім попытам на рынках Вільні, Смаргоні, бліжэйшых гарадоў і мястэчак.

Памёр генерал-маёр Аўксенцій Сцяпанавіч Іваноў 21 студзеня 1923 года і быў пахаваны каля жонкі Марыі Аляксандраўны (1849-1919) на Еўфрасіннеўскіх могілках у Вільні. Па звестках святара Л. Савіцкага, у міжваенны перыяд магіла Івановых была “абвеяная любоўю блізкіх, упрыгожана іх клапатлівай рукою”. Іх агульны надмагільны помнік захаваўся да нашых дзён і знаходзіцца побач са Свята-Еўфрасіннеўскай царквою.

Пасля смерці Іванова сольскія ўладанні пераходзяць у спадчыну яго нашчадкам. У маёнтку Вялікія Солы гаспадарыць сын Яўген, маёнтак Малыя Солы дастаецца сыну Паўлу, а Сяргею Іванову належыць маёнтак Вялікія Рачуны. Летам 1923 года ў фальварку Рудзішкі ўзводзіцца новы глінабітны сядзібны дом, куды пераязджаюць дачка генерала Ніна і яе муж М. Невяровіч, аўтар уласнай тэхналогіі ўзвядзення будынкаў з гліны і паленняў. Распачынаецца новая старонка жыцця ў гэтым кутку нашага краю, але яна вартая асобнага артыкула.

Уладзімір ПРЫХАЧ.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений