Гарадская электроўня ў Смаргоні

Сморгонщина историческая
08.09.2017 11:15
Распачаць даследаванне гісторыі электрыфікацыі края падштурхнуў руплівы збіральнік старых фотаздымкаў, у тым ліку і нашых мясцін, сучасны фотадакументаліст і аднадумца Уладзімір Багданаў. Дасланы ім для знаёмства стары здымак Смаргоні, які ён набыў на аўкцыёне, зацікавіў не толькі выглядам ужо неіснуючых гарадскіх пабудоў, але адным добравядомым аб’ектам. Гэта быў мураваны будынак, дзе сёння месціцца магазін “Анастасія”.

Сморгонь-май 1942.jpg

Смаргонь, май 1942 г.


У маі месяцы 1942 года (менавіта такая дата пазначана на адваротным баку здымка) тут магло знаходзіцца электратэхнічнае прадпрыемства. Пра гэта сведчыла не толькі моцная металічная мачта на даху, але і электралініі, што разыходзяцца ад яе ў розныя бакі. Смаргонскія старажылы пацвердзілі маё меркаванне, удакладніўшы, што тут даўней дзейнічала мясцовая “электроўня”. У выніку далейшага пошуку звестак па тэме адкрылася вартая ўвагі малавядомая старонка нашага мінулага.

Як вядома, на Віленшчыне першая электроўня паўстала ў Вільні і распачала сваю дзейнасць 14 лютага 1903 года. Перад Першай сусветнай вайной у рэгіёне акрамя яе існавала яшчэ чыгуначная электроўня ў Мала-дзечне. Падчас нямецкай акупацыі на захопленай тэрыторыі былі створаны невялікія электрычныя станцыі для забеспячэння электраэнэргіяй франтавых пазіцый і гаспадарчай дзейнасці ў тыле, якія ў большасці сваёй былі накіраваны на рабаванне прыродных рэсурсаў края. Магутная акруговая электроўня ў Лошы, недалёка ад чыгуначнай станцыі Гудагай, пастаўляла электраэнэргію ў Солы, дзе кайзераўцамі быў створаны ваенны гарадок з майстэрнямі, складамі, чыгуначным дэпо, метэастанцыяй, крамамі, салдацкімі дамамі адпачынку. Крэўскія пазіцыі забяспечвала электрычнай энэргіяй нямецкая станцыя каля хутара Тамасоўка, паблізу Крэва.

Пад Смаргонню ў 1916 годзе таксама была закладзена электрацэнтраль - менавіта пад такой назвай яна ўзгадваецца ў нямецкіх пісьмовых крыніцах. Дзякуючы Ул. Багданаву, які падзяліўся рарытэтным фотаздымкам гэтага аб’екта, сёння можна ўявіць яе   выгляд. Электроўня размяшчалася на пазіцыях 101 ландвернага пяхотнага палка, каля стромкага схіла берага старога русла Віліі, так званага Ландверканала. Сёння месца гэтай пабудовы ўзноўлена ў час сумеснай краязнаўчай вандроўкі і знаходзіцца каля в. Перавессе. Пакрытая ў сем накатаў моцнага дрэва станцыя забяспечвала токам не толькі смаргонскія пазіцыі, але і даволі значную прылеглую тэрыторыю. У канцы вайны электрацэнтраль спыніла сваю дзейнасць і, верагодна, была дэмантавана і вывезена акупантамі.

У міжваенны час, пасля ўваходу Віленшчыны ў склад Польшчы, пачалося адбудаванне разбуранай вайною Смаргоні, узнаўленне камунальнай гаспадаркі. Паўстала неабходнасць у электрафікацыі горада, але па розных прычынах, і ў першую чаргу з-за кепскага стану фінансавых магчымасцей магістрату, заснаванне гарадской электроўні зацягвалася. Толькі ў кастрыч-ніку 1929 года былі знойдзены патрэбныя інвестыцыі і прынята канчатковае рашэнне аб пабудове станцыі. Дарэчы, на той час у Віленскім ваяводстве дзейнічалі 24 гарадскія, прыватныя і чыгуначныя электроўні, толькі адзін наш горад яе не меў. У межах сучаснага Смаргонскага раёна існавала адзіная невялікая прыватная электроўня ў Солах, якая выпрацоўвала пастаянны ток у 220 В.

Смаргонскі муніцыпалітэт у верасні 1931 года атрымоўвае афіцыйны дазвол на вы-творчасць і продаж электраэнэргіі спажыўцам. Дазвол быў выдадзены на 30 гадоў з тым разлікам, што электроўня будзе рэгулярна пастаўляць гораду ток ад заходу сонца да першай гадзіны ўначы. Па заканчэнні трох гадоў канцэсіі электраэнергія павінна была  па-стаўляцца гораду ад змяркання да світанку, а пры невялікіх нагрузках – на працягу ўсяго працоўнага дня.

Абсталяванне электроўні складалася з “рухавіка дызеля” магутнасцю ў 60 конскіх сілаў, які пасам прыводзіў у рух трохфазны генератар пераменнага току магутнасцю ў 55 кВт. Рака Оксна забяспечвала рухавік дастатковай колькасцю астуджвальнай вады. Усё электрычнае начынне прадпрыемства было выканана Міжнародным таварыствам будовы суднаў і машын у Гданьску. Гэтае таварыства прадаставіла гораду крэдыт да 1935 года пры гадавой працэнтнай стаўцы ў 11%. Першапачаткова электроўня з трох размеркавальных пунктаў сілкавала 200 гарадскіх абанентаў, забяспечвала токам 32 лямпы вулічнага асвятлення па 75 Вт кожная і 6 лямп па 200 Вт. З цягам часу колькасць светлавых кропак на вуліцы павялічылася да 60 адзінак, а сама электрычная сетка была працягнута да смаргонскай чыгуначнай станцыі і мясцовага лясніцтва.

Смаргонская гарадская электроўня распачала сваю дзейнасць 24 снежня 1931 года, а 30 студзеня 1932 года адбыўся афіцыйны ўвод у эксплуатацыю. З гэтай нагоды ксёндз-пробашч мясцовай парафіі выканаў асвячэнне будынка і абсталявання, а прадстаўнікі ўлады, адказныя за будаўніцтва, выступілі з прамовамі.

Кошт усяго будаўніцтва склаў 171 тысячу злотых, значную па тым часе суму, таму гарадскія ўлады клапаціліся пра эфектыўную і стабільную працу электроўні. Справы прадпрыемства не аднойчы разглядаліся на пасяджэннях магістрата. Так, з расходаў у амаль 95 тысяч злотых гарадскога бюджэту на 1937 год на электроўню выдаткоўвалася 23 тысячы 617 злотых.

Не спыніла сваю дзейнасць смаргонская электроўня ў гады Другой сусветнай вайны. У перыяд акупацыі станцыя сілкавала чыгунку, адміністрацыйныя і вытворчыя аб’екты ворага. Напрыканцы вайны, 10 красавіка 1944 года, група разведчыкаў партызанскай брыгады імя Гастэлы ўзарвала машынную залу электроўні. Кіраваў аперацыяй былы баец іспанскай рэспубліканскай арміі, намеснік камандзіра брыгады па разведцы Хасэ Фернандэс.

Гарадская электроўня перастала існаваць, але паколькі сам будынак не быў пашкоджаны, то ён выкарыстоўваўся ў пасляваенны час. У ім размяшчалася кантора кааперацыі, гандлёвыя прадпрыемствы. Большасці смаргонцаў магазін “Ветэран”, а потым “Анастасія” вядомыя сваёй неафіцыйнай назвай, якая магла з’явіцца толькі ў час таварнага дэфіцыту і ільгот на яго набыццё. На самой справе гэты амаль не зменены часам будынак мае багатую гісторыю. Ён з’яўляецца адной з нешматлікіх першапачатковых мураваных пабудоў Смаргоні міжваеннага перыяду, прыкладам прамысловай архітэктуры, каштоўным напамінам пра электрыфікацыю горада, які захаваўся да нашых дзён.

Уладзімір ПРЫХАЧ.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений