Гаспадар аграсядзібы “Мядовы кут” са Смаргоншчыны выйшаў у фінал рэгіянальнага конкурсу мясцовых ініцыятыў

Фестиваль
07.06.2018 07:39
Гаспадар аграсядзібы “Мядовы кут”, што пад Алянцом, Артур Папок выйшаў у фінал рэгіянальнага конкурсу мясцовых ініцыятыў са сваім праектам. У фестывальныя дні фіналісты з усёй Гродзеншчыны выступалі з прэзентацыямі сваіх задум, лепшыя з якіх атрымалі фінансавую падтрымку.

Артур Попок.jpg

Набыць зямлі, прыдбаць свой кут – было яго даўняй марай, што навязліва гнала са сталіцы на перыферыю. Купіўшы стары хутар, пачынаючы прадпрымальнік распачаў там сваю справу. Найперш зрабіў рамонт будынка, затым набыў некалькі вуллёў і пчаліных сем’яў. Наступным крокам стала будаўніцтва лазні.

Маючы некалькі пасведчанняў аб вышэйшай адукацыі, вопыт работы трэнерам, эканамістам, лесарубам, будаўніком, Артур займеў амбіцыйныя планы – стварыць незвычайны аздараўленчы куток у маляўнічым месцы недалёка ад Віліі. Яго праект “Мядовая лазня” быў ухвалены на конкурсе ініцыятыў у школе сельскага бізнесу ў Камарове. На жаль, фінансавання аўтар гэтай ініцыятывы там не атрымаў, таму і вырашыў паўдзельнічаць у новым конкурсе.

У Гродне журы таксама вельмі добра паставілася да задум смаргонскага гаспадара аграсядзібы, але выдаткі атрымалі аўтары праектаў, якія, на думку камісіі, маюць большую сацыяльную накіраванасць. Тым не менш, Артур Папок усцешаны, што цікавыя мары знаходзяць падтрымку спонсараў і таму верыць, што аднойчы пашчасціць і яму.

Ала СТРАШЫНСКАЯ.

Фота аўтара.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений