Да Дня беларускага пісьменства. Спатканне з Яе Вялікасцю Кнігай

День белорусской письменности
31.08.2018 07:21
1342
Водгук на кнігу У. Гніламёдава і М. Мікуліча “Літаратура. Гісторыя. Свядомасць”, Мн., 2017
Літаратура. Гісторыя. Свядомасць1.jpg

Час імклівы і няўмольны, вось ужо амаль завяршаецца першае дваццацігоддзе ХХІ ст., непазбежна наводзячы на роздум аб гісторыі ўтварэння беларускай дзяржаўнасці і наступных за гэтым падзеях нашага нацыянальнага жыцця. Як утварылася, на чым узрасла, з якім духоўным багажом ідзе ў будучыню нацыя, якая з 1991 года заяўляе свету аб сваёй незалежнасці?

Шмат якія падручнікі і навуковыя даследаванні падаюць сёння глыбокую інфармацыю па гісторыі і культуры Беларусі. І дзякуй Богу, няхай яе будзе як мага больш пра наш непаўторны край і яго складаны лёс на перакрыжаваннях Еўропы. Наплыў новай інфармацыі сведчыць таксама і пра тое, што сёння ўжо немагчыма адназначна ацэньваць некаторыя гістарычныя падзеі ці факты біяграфій суайчыннікаў, гістарычная праўда патрабуе ўлічваць увесь комплекс жыццёвых абставінаў. Думаю, што мы павінны ацэньваць дзейнасць той ці іншай гістарычнай асобы паводле яе ўкладу і спрыянню на карысць беларускай нацыі, а не паводле класавых ці ідэалагічных прыкметаў такой асобы. Я лічу, што гэткі падыход мог бы быць адным з прынцыпаў канцэпцыі айчыннай гісторыі.

На фоне сучасных ведаў кожны з нас сёння больш уважліва прыглядаецца да сваёй Радзімы, акідвае позіркам супольную духоўную спадчыну, каб падмацаваць ўпэўненасць у памыснай дзяржаўнай будучыні  і пераканацца, што мы ёсць, жывем і будзем жыць як раўнапраўная нацыя.

Які падручнік можа ў гэтым дапамагчы? Ці магчыма ў адным выданні ахапіць і падзеі, і іх гістарычныя і духоўныя прадпасылкі?

Магчыма, калі спалучыць гісторыю з аналізам літаратурна-мастацкай творчасці нацыі, яе каранёў і абаперціся на сучаснасць. Маецца на ўвазе: творчасці ўсёй нацыі, а не толькі прадстаўнікоў “працоўнага народа”, як было, бо менавіта літаратурна-мастацкая творчасць выяўляе глыбінныя памкненні народа, нацыі і натхняе яе на новыя стваральныя парывы. Магчыма, калі паказаць адметнасць нацыянальнага фарміравання і пры гэтым падмацаваць свае вывады літаратурнымі радкамі, урыўкамі найбольш яскравых твораў беларускай паэзіі і прозы, як гэта зрабілі Уладзімір Гніламёдаў і Мікалай Мікуліч у выдадзенай нядаўна ў мінскім выдавецтве “Беларуская навука” кнізе “Літаратура. Гісторыя. Свядомасць”.

Вось якія назвы носяць загалоўкі асобных раздзелаў кнігі: 1. Этнічны ўзровень. 2. Прырода. Ландшафт. Клімат. 3. Язычніцтва. Мова. 4. Гісторыя. Дзяржаўнасць. Хрысціянства. 5. Тыпы і характары. 6. Вялікае княства Літоўскае. 7. Пра характар Сярэдневечча. 8. Рэнесанс. 9. Рэфармацыя. Контррэфармацыя. 10. Люблінская унія і яе наступствы. 11. Барока. 12. Заняпад. 13. „Litwo! Ojczyzno moja!” 14. Пад гнётам абставін. ХІХ ст. 15. У пачатку ХХ ст. 16. Будаўніцтва новага свету (1920 - 1930-я гады). 17. У Заходняй Беларусі (1921 - 1939 гады). 18. “Зварухніся, моц крывіцкая!”. 19. “Паслухайце, вясна ідзе …”. 20. Вялікая Айчынная. 21. Пасляваенны перыяд. 22. Новыя далягляды. 23. Учора, сёння і заўтра.

Кніга напісана з упэўненасцю аўтараў у важнасці і актуальнасці ўзнятай тэмы. Закранутыя пытанні станаўлення беларускай дзяржаўнасці, вытокаў беларускай мовы і культуры падаюцца з увагай да працэсаў культурнай і моўнай асіміляцыі беларускасці ў рамках Рэчы Паспалітай і ў кантэксце агульнаеўрапейскіх гістарычных эпох і працэсаў. Уражваюць грунтоўна даследаваныя раздзелы “Litwo! Ojczyzno moja!” і “Пад гнётам абставін. ХІХ ст.” разам з падрабязным тлумачэннем праблемы нацыянальнай ідэнтыфікацыі жыхароў беларускай зямлі. Узнята ў кнізе і тэма, якая цяпер прыносіць усё новыя важныя звесткі дзякуючы адкрытаму доступу даследчыкаў да айчынных літаратурных архіваў (і якая яшчэ прынясе не адну навіну) – гэта “Будаўніцтва новага свету (1920 - 1930-я гады)” і наступныя тэмы – “У Заходняй Беларусі (1921 - 1939), “Зварухніся, моц крывіцкая”, “Паслухайце, вясна ідзе…”. Кожны раздзел, кожная старонка перасыпаны вершамі, цытатамі найвыдатнейшых нашых паэтаў, проста-такі перламі беларускай паэзіі і мудрасці. Выдатна тое, што да гэтага дададзены літаратуразнаўчы аналіз беларускай літаратуры ў яе развіцці і аналіз творчасці асобных аўтараў ці іх твораў. І калі маеш перад вачыма такое магутнае літаратурнае падмацаванне, то пачынаеш адчуваць душой: наша нацыя вырасла не на выпадковым месцы і не на выпадковай глебе. Наша гісторыя - эксклюзіўная ў Еўропе, мы адрозніваемся непаўторнымі духоўнымі рысамі - гэта надзвычайная моц і вытрымка духа, якія дазволілі народу выстаяць у віхурах гісторыі і захаваць жаданне жыць і тварыць.

Ёсць у кнізе некалькі месцаў, якія я падала б інакш. Гэта ўжыванне савецкай літаратуразнаўчай рыторыкі для характарыстыкі “мужыцкай тэмы” ў творчасці Янкі Купалы. Яна (тэма і творчая манера паэта) пададзены малакрытычна, застаўся непрааналізаваным уплыў гэтай тэмы на творчасць наступных пакаленняў паэтаў. Канечне, я магу памыляцца ў сваіх вывадах, таму што не сачыла спецыяльна за развіццём гэтай тэмы на працягу ўсёй кнігі. Але таленавіты аўтарскі падыход да неабдымнай беларускай літаратурна-гістарычнай спадчыны і выбраны аўтарамі спосаб падачы матэрыялу валодае вельмі высокай вартасцю для кожнага з нас. Кніга “Літаратура. Гісторыя. Свядомасць” – гэта фактычна гістарычная энцыклапедыя беларускай літаратуры, яна павінна зрабіцца настольнай кнігай нашай інтэлігенцыі.

Даўно я не зачытвалася літаратурай такога роду і не атрымлівала такой асалоды ад навуковай кнігі. Напісана яна да таго ж лёгкай і сакавітай мовай, чым не кожная кніга можа сёння пахваліцца. Трапна падабраныя акрэсленні і параўнанні выклікаюць жаданне пазнаёміцца з ёй бліжэй. Хаця павінна прызнаць, што чаканне і з’яўленне гэтага даследавання ўжо проста вісела ў паветры, час яго прыўшоў.

Наколькі ведаю, дагэтуль ніхто ў Беларусі не рабіў такога буйнага абагульнення, якое дазваляе прасачыць фарміраванне нацыі на глыбокім гістарычным і літаратурна-мастацкім фоне. Пішу гэтую нататку як былы настаўнік гісторыі з 30-гадовым стажам працы, пазнейшы навуковы супрацоўнік гістарычнага музея, памятаючы яшчэ тыя часы, калі асвятленне непаўторных беларускіх нацыянальных рэаліяў і з’яў абмяжоўвалася толькі кароткімі намёкамі. Сучаснай Беларусі неабходна такая кніга.

Таццяна КЛЯШЧОНАК.

 

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений