Смаргонская раённая бібліятэка прапануе новую мастацкую літаратуру беларускіх пісьменнікаў

Библиотека
13.06.2017 15:37
Смаргонская раённая бібліятэка прапануе вам новую мастацкую літаратуру беларускіх пісьменнікаў, якую атрымала ў маі 2017 года:
беларуски ручник.jpg

1. Беларускі ручнік: зборнік паэзіі / уклад. Т.Ускова. – Мн.: Выдавецкі дом “Звязда”, 2013. – 224с.

“Беларускі ручнік” – гэта зборнік паэзіі, дзе надрукаваны найлепшыя творы з аднайменнай рубрыкі газеты “Белорусская нива”. І кожны раз рубрыка адкрывае новыя імёны літаратараў з розных рэгіёнаў.

Таццяна Атрошанка.

“Родны дом”

У радасці і ў журбе

Згадае сэрца пра цябе,

Табе зямны нясу паклон –

Мой родны кут, мой родны дом…

Няма больш месца на зямлі,

Дзе б так трымалі карані,

Куды вяртаемся ізноў –

У свой далёкі родны дом,

Дзе з светам матчыных вачэй

Нам па жыцці ісці лягчэй,

Дзе першы крок наш помніць ён –

Наш родны кут, наш родны дом…


Міхась Васілёк.

“За маці светлую любоў”

Матуля…Колькі ў слове гэтым

Невычарпальнай цеплыні!

Хто ёю з нас не быў сагрэты

Ў бядзе і ў радасныя дні!..

Хто можа так, як не матуля,

Ахвяраваць сваё жыццё,

Падставіць сэрца нат пад кулі,

Каб засланіці ім дзіцё…

Калі ж бывае гора з намі,

Яе сляза, каб боль спыніць,

Расплавіць можа цвёрды камень,

Глыбоку рану загаіць…


Юрась Свірка.

“Словы”

У нас сваіх хапае слоў,

Крамяных, росных, васільковых,

Ад мурагоў і ад лясоў,

Ад светлых высяў жаўруковых…

 У нас хапае слоў такіх

Чысцюткіх, ядраных, як ранне.

Яны выказваюць услых

Пяшчоту, ласку і каханне.

 Хапае слоў і гаманкіх,

І мяккіх, як у лузе травы,

І, чуйна слухаючы іх,

Запамінай не для забавы.

Яны ўвабралі звон крыніц,

Шум лесу і дыханне ночы…

Ад ліўняў і да навальніц –

Грымяць, іскрацца і шапочуць.


карэнда.jpg

2. Карэнда,І. Воплаўская госця: кніга прозы / Іван Карэнда. – Мн.: Літаратура і мастацтва, 2011. – 236с.

Кніга  прозы пісьменніка ўключае ў сябе аднайменную аповесць, апавяданні, нататкі пісьменніка, аб’яднаныя адной тэмай – адлюстраваннем жыццёвых інтарэсаў і духоўных памкненняў нашага сучасніка. У цэнтры аповесці – сельская школа з яе клопатамі і праблемамі, якія закранаюць і педагогаў, і дзяцей, і дарослых вяскоўцаў.

пятрович.jpg

3. Пятровіч,Д. Адзіноты пажоўклыя дні: вершы / Дзмітрый Пятровіч. – Мн.: Выдавецкі дом “Звязда”, 2014. – 128с.

Новая кніга паэзіі лаўрэата Рэспубліканскай літаратурнай прэміі “Залаты Купідон” працягвае распачатую ў першым зборніку “Белая квецень кахання” даверлівую размову з чытачом пра вечныя чалавечыя каштоўнасці – Радзіму, Маці, Дабрыню, Пяшчоту.

Іскрынку мы ў далонях захавалі,

Каб нашых сэрцаў ажывіць агмень.

Не захліснуць яго жыццёвым хвалям,

Калі з табою разам. Кожны дзень

Мы пачуццё святліста так люлялі –

Яно ўратуе ад душэўных ран.

…Іскрынку мы ў далонях захавалі

Любові, як найлепшы талісман…

рублеуская.jpg

4. Рублеўская,Л. Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча: раман прыгодніцкі і фантасмагарычны / Людміла Рублеўская. – Мн.: Выдавецкі дом “Звязда”, 2014. – 320с.

У трэцяй кнізе Людмілы Рублеўскай, які распавядае пра прыгоды ў XVIII ст. беднага шляхцюка Пранціша Вырвіча і полацкага доктара Баўтрамея Лёдніка, працягваюцца неверагодныя падзеі. Героям давядзецца шукаць езуіцкія скарбы, падарожнічаць у карэце з чорным магам і егіпецкай прынцэсай, прысутнічаць на балі ў палацы расійскай імператрыцы.

скрыжаванни.jpg

5. Рыбік. Н. Скрыжаванні: кніга прозы / Ніна Рыбік. – Мн.: Выдавецкі дом “Звязда”, 2013. – 192с.

На жыццёвых скрыжаваннях сустракаюцца і разыходзяцца ў розныя бакі спадзяванні і расчараванні, бяда і шчасце, радасць і засмучэнне, выпадковыя людзі, якім выканана стаць самымі галоўнымі ў жыцці – і блізкія, якія праз нейкі час становяцца чужымі – усё, што так густа намешана ў кожным чалавечым лёсе.

Гал. бібліёграф: А.Рамановіч

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений