Бюджет сацыяльнай накіраванасці

Экономика и АПК
06.01.2016 13:11
1062
Напрыканцы мінулага года адбылося сумеснае пасяджэнне сесіі райсавета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта, на якіх былі прыняты і зацверджаны паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэт раёна на 2016 год.



Старшыня раённага выканаўчага камітэта Іван Рамановіч адзначыў, што трэба звярнуць больш увагі на занятасць насельніцтва, інвестыцыі ў вытворчасць, экспарт тавараў. Паводле статыстыкі,...
Напрыканцы мінулага года адбылося сумеснае пасяджэнне сесіі райсавета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта, на якіх былі прыняты і зацверджаны паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэт раёна на 2016 год.

IMG_1968

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Іван Рамановіч адзначыў, што трэба звярнуць больш увагі на занятасць насельніцтва, інвестыцыі ў вытворчасць, экспарт тавараў. Паводле статыстыкі, летась няпоўная занятасць, прастоі адзначаліся на “Халесе”, заводзе аптычнага станкабудавання, агрэгатным заводзе, у МПМК-165, ДРБУ-134, БМТ-41.
Што датычыць інвестыцый, то вялікая надзея на прадпрыемствы, якія трапілі ў свабодную эканамічную зону – “Кранаспан”, “Белагратэрмінал”, іншыя. Паступленне ў краіну валюты пасадзейнічае зніжэнню інфляцыі, стабільнасці на рынку.
Асноўным экспартаарыентаваным прадпрыемствам з’яўляецца “Кранаспан”. На яго долю прыходзіцца 73,8 працэнта экспарту ўсяго раёна, адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Шчабярака. Агрэгатны завод прагназуе павелічэнне экспарту трактароў, міні-тэхнікі на два працэнтных пункты за кошт нарошчвання аб’ёмаў паставак у Расію, Украіну, Казахстан, Малдову, развіцця зборачных вытворчасцей у некаторых з названых краін, вытворчасці і прасоўвання на рынкі новых відаў прадукцыі, расшырэння геаграфіі паставак, заключэння кантрактаў на пастаўку тэхнікі ў краіны далёкага замежжа.
Камбінат хлебапрадуктаў прадоўжыць асваенне рынкаў Сербіі, якое пачаў у мінулым годзе, будзе пастаўляць сваю прадукцыю ў краіны Мытнага саюза, а таксама ў Літву і Польшчу. А ўвогуле, арганізацыі раёна ажыццяўляюць знешнеэканамічныя адносіны з Тайландам, Румыніяй, Даніяй, Вялікабрытаніяй, ЗША і іншымі краінамі далёкага замежжа.
Вядома, што адным з фактараў стабільнасці на рынку працы з’яўляецца стварэнне працоўных месцаў. У раёне плануецца працаўладкаваць за кошт будаўніцтва новых прадпрыемстваў 109 чалавек.
Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Бажыдай, які разам з іншымі сферамі курыруе і будаўнічую, з жыллёвых аб’ектаў на гэты год назваў 70-кватэрны дом, які ўзводзіцца па вул. Інжынернай, у дадатак мяркуецца пабудаваць 10-11 тысяч метраў квадратных індывідуальнага жылля. “Каробкі” знаходзяцца пад дахамі, але без аддзелкі. Праблема з крэдытаваннем. Пастаянныя скаргі ад забудоўшчыкаў. Дрэнна крэдытуюцца нават мнагадзетныя сем’і.
Аляксандр Рыгоравіч адзначыў, што прыйшлося звярнуцца ў “Гроднааблбуд”, каб у Смаргоні пабудавалі жыллё на продаж. Ініцыятыву падтрымалі. Цяпер распрацоўваецца генплан, мяркуецца пабудаваць з правага боку вуліцы Камсамольскай некалькі жылых дамоў з вырабаў буйнапанэльнага домабудавання.
Ёсць 7 зямельных участкаў, якія можна прадаць з аўкцыёну. Больш за два гады вырашаюцца пытанні па вываду з севаабароту 18 гектараў зямлі для таго, каб непадалёку ад цэнтральнай раённай бальніцы пабудаваць на 100 участках квартал дамоў. Увесь пакет дакументаў падрыхтаваны, але пакуль няма рашэння. Яго павінны прыняць у Адміністрацыі Прэзідэнта.
Потым намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Бажыдай расказаў аб тым, які аб’ём работ маюць на гэты год будаўніча-мантажны трэст №41 і МПМК-165, чым будуць займацца РУП “ЖКГ” і ЖРЭС, ДРБУ-134 і аўтапарк №17.
Старшыню райвыканкама Генадзя Харужыка не задаволіла, што аб’ём субпадрадных і будаўніча-мантажных работ у дзвюх буйных будаўнічых арганізацыях раёна ніжэй за абласны паказчык, не дацягвае да 100 працэнтаў. “А дзе рэальны партфель заказаў? Дзе заключаныя дагаворы арганізацый на гэты год? І як эфектыўна будуць выкарыстоўвацца работнікі будаўнічых арганізацый?” – дапытваўся кіраўнік раёна.
Па рабоце сацыяльнай сферы справаздачу трымаў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко. Ён адзначыў, што з даведзенымі паказчыкамі сацыяльная сфера ў цэлым справілася. Большасць паказчыкаў дасягнула сярэднеабласнога ўзроўню. Не выкананы толькі два – папаўненне бібліятэчнага фонду і экспарт турыстычных паслуг. Сітуацыю можна паспрабаваць палепшыць увядзеннем падзейнага і вытворчага турызму. А яшчэ трэба імкнуцца ўдзельнічаць ва ўсіх аглядах-выстаўках, дзе запрашаць турыстаў наведаць наш раён.
Начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Галіна Булыга паведаміла аб сумах даходнай і расходнай частак бюджэту, крыніцах паступлення грошай у 2016 годзе. Бюджэт мае сацыяльную накіраванасць – 72,2 працэнта бюджэтных сродкаў будуць накіраваны ў сацыяльную сферу. Асноўным спажыўцом бюджэту раёна з’яўляецца сістэма адукацыі. Крыху менш фінансавых сродкаў прадугледжана на ахову здароўя. У бюджэце закладзены сродкі на кампенсацыю аўтапарку №17 часткі затрат, якія звязаны з пасажырскімі перавозкамі, на жыллёва-камунальную гаспадарку, на ўтрыманне ведамаснага жылля, на аказанне льгот насельніцтву, на бягучы і капітальны рамонты жыллёвага фонду, на добраўпарадкаванне населеных пунктаў, на фізкультуру і спорт, на сацыяльную палітыку, на кампенсацыю чэкаў “Жыллё”, на пагашэнне крэдытаў маладым сем’ям і г. д. У цэлым жа бюджэт раёна на 2016 год забяспечвае выкананне параметраў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна.
З інфармацыяй выступілі Эдуард Падгайскі і Анатоль Шчасны. Першы ўзначальвае камісію па бюджэту, прамысловасці і сельскай гаспадарцы, другі – па мандатах, законнасці, мясцоваму кіраванню і самакіраванню. Яны адзначылі, што камісіі разгледзелі празноз сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэт раёна на 2016 год. Выкананне запланаваных мерапрыемстваў дазволіць палепшыць работу мясцовага народнагаспадарчага комплексу.
Паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэт раёна на 2016 год былі зацверджаны на сесіі раённага Савета дэпутатаў.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений