Спрасціць і палепшыць: работнікі падатковых органаў адзначаюць прафісійнае свята

Экономика
11.07.2019 11:57
789
Калі сёлета Смаргонь наведала намеснік Міністра па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Святлана Шаўчэнка, для мясцовай інспекцыі па падатках і зборах настаў час своеасаблівага экзамену на прафесійную падрыхтаванасць.

Святлана Аляксандраўна надала ўвагу рабоце з фізічнымі асобамі па дэклараванні даходаў і маёмасці, працяглы час размаўляла з інспектарамі, якія адказныя за названы вышэй напрамак службовай дзейнасці. Яе цікавіла, як укараняюцца электронныя сэрвісы для фізічных асобаў. Магчымасці мабільнай сувязі дазваляюць плацельшчыку на сваім тэлефоне адсочваць інфармацыю, якая датычыць падаткаабкладання, пры дапамозе мабільніка плаціць падаткі.

У нашым раёне ўжо 90% юрыдычных асобаў і 75% індывідуальных прадпрымальнікаў перайшлі на электронны сэрвіс абслугоўвання. Цяпер у мясцовай падатковай інспекцыі працуюць над тым, каб павялічыць колькасць фізічных асобаў, якія карысталіся б электронным сэрвісам. Усяму гэтаму Святлана Шаўчэнка надала вялікае значэнне і засталася задаволенай працай смаргонскіх падаткавікоў.

IMG_8314.JPG

Начальнік аддзела Наталья ХМЫЛКО, загадчыца сектара Алена САДОЎСКАЯ, галоўны дзяржаўны падатковы інспектар Алеся ГРАДАБОЕВА, галоўны спецыяліст Алеся ПАДБЯРЭЗСКАЯ


Паўгода ўжо працуюць падатковыя органы па новым Падатковым кодэксе Рэспублікі Бела-русь. І, як адзначыла начальнік інспекцыі па падатках і зборах па нашым раёне Ірына Карабінская, ёсць у гэтым дакуменце шарахаватасці, таму ён не застанецца ў нязменным стане, будзе дапрацоўвацца ў бок спрашчэння і паляпшэння.

У сакавіку гэтага года ў падатковай сістэме нашай краіны адбыліся змяненні, якія тычацца рэйдавай дзейнасці. Цяпер толькі ў чатырох падатковых інспекцыях Гродзенскай вобласці (трох раённых і абласной) ёсць аператыўна-рэйдавыя аддзелы. Аператыўна-рэйдавай работай займаюцца гродзенскія, лідскія, навагрудскія і смаргонскія падаткавікі. Што датычыць нашых, то яны працуюць на тэрыторыях Смаргонскага, Ашмянскага і Астравецкага раёнаў.

Цяпер вельмі мала праверак па лініі падатковай службы. Але ў гэтым органе захавалася кантрольная функцыя. Супрацоўнікі арыентаваны на дасягненне значных вынікаў. Кожная праверка рыхтуецца загадзя, збіраюцца неабходныя матэрыялы, што прыносіць свой плён.

“Мы працуем з дакументамі, - кажа Ірына Леанідаўна. – Цяпер у падатковай службе існуе многа розных баз, дзе можна прасачыць пэўную інфармацыю, супаставіць лічбы, якія прадастаўляе плацельшчык, знайсці яго агентаў, рух па рахунках. Усё гэта робіцца без правядзення праверкі ў тым ці іншым суб’екце гаспадарання. Падчас маніторынгаў  правяраюцца ў асноўным гандлёвыя прадпрыемствы, адсочваецца грашовая выручка”.

Праверка дзейнасці прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў выбарачная. Падаткавікі аналізуюць іх дзейнасць, па выніках якой адбіраюць “кандыдатаў” для ўключэння ў праверачны план.

Планы выбарачных праверак цяпер невялікія. Як адзначыла Ірына Карабінская, у другім паўгоддзі запланавана праверыць толькі адну юрыдычную асобу, якой, бачна з дакументаў, ёсць парушэнні. Падатковая інспекцыя даволі цесна супрацоўнічае з плацельшчыкамі. Для гэтага нядаўна быў створаны аддзел камеральных праверак. Супрацоўнікі аналізуюць базу даных і калі бачаць нестыкоўкі ў паказчыках, накіроўваюць паведамленне плацельшчыку. І ў яго ёсць шанц выправіць памылкі, пры неабходнасці даць адпаведныя тлумачэнні, добраахвотна заплаціць пэўную частку сумы падатку, якая не была заплачана раней.  

Але не толькі працай жывуць мясцовыя падатковыя работнікі. Яны актыўна ўдзельнічаюць у аглядах-конкурсах, конкурсах падзелак, якія праводзіць да значных

дзяржаўных і рэлігійных святаў інспекцыя па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці.

Ужо некалькі гадоў запар смаргонскія падаткавікі адзначаюць сваё прафесійнае свята не ў сценах падатковай інспекцыі, а ў паездках па цікавых гістарычных мясцінах. Пачыналі са Смаргоншчыны, з калектыўнага наведання музея-сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі. Потым былі паездкі за межы раёна. А сёлета прафкам падатковай інспекцыі заказаў экскурсію ў Нясвіж, дзе знаходзіцца замак Радзівілаў.

“Гэта стала ўжо добрай традыцыяй так незвычайна адзначаць Дзень работнікаў  падатковых органаў”, - адзначыла Ірына Карабінская. – Супрацоўнікам падабаюцца экскурсійныя паездкі, дзе кожны знаходзіць для сябе нешта новае, цікавае. А яшчэ гэта згуртоўвае калектыў”.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений