15 сакавіка – Дзень спажыўца. Пакупнікі ў эпоху IT

Экономика
15.03.2019 10:40
264
Сёлета да Дня спажыўца Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь выбрана для разгляду актуальная тэма: “Абарона правоў спажыўцоў у эпоху разумных тэхналогій”. І невыпадкова. Бо ўсё актыўней яны выкарыстоўваюцца ў сучасных умовах. Прывычнай стала анлайн-аплата за тавары, жыллёва-камунальныя паслугі, мабільную сувязь, інтэрнэт, чыгуначныя і авіяцыйныя білеты і г. д.

смарабар 148.jpg

Як адзначыла начальнік аддзела гандлю, паслуг і рэкламнай дзейнасці ўпраўлення эканомікі райвыканкама Валянціна Галяк, з 23 снежня мінулага года ўступілі ў сілу змяненні, якія былі ўнесены ў Закон аб абароне правоў спажыўцоў. Так, суб’екты, якія рэалізуюць дыстанцыйна тавары праз рэкламу, іншыя інфармацыйныя крыніцы, у тым ліку праз інтэрнэт, абавязаны ў гэтых крыніцах указваць цэны рэалізоўваемых тавараў шрыфтам, памер якога павінен быць не меншы за палову найбольшага памеру шрыфту, што ўтрымліваецца ў апісанні тавару. Гэта дазволіць зрабіць інфармацыю чытаемай для спажыўцоў і зменшыць колькасць выпадкаў увядзення іх у зман адносна кошту пакупкі.

З улікам вопыту рэгулявання  прававых адносін у сферы  абароны правоў спажыўцоў у заканадаўстве краін-членаў Еўразійскага эканамічнага саюза ўстаноўлены іншы парадак патрабаванняў у адносінах да тэхнічна-складаных і дарагіх тавараў. Па заканчэнні 30 дзён пасля пакупкі спажывец  мае права патрабаваць аб замене альбо вяртанні такога тавару толькі ў двух выпадках: пры з’яўленні істотнага недахопу, пры парушэнні суб’ектам  тэрмінаў бясплатнага рамонту.

У законе прадугледжана магчымасць павелічэння з пісьмовай згоды  спажыўца тэрміну бясплатнага (гарантыйнага) рамонту з 14 да 30 дзён. Гэта абумоўлена выпадкамі аб’ектыўнай неабходнасці ўстанаўлення больш працяглых тэрмінаў рамонту ў сувязі з дадатковым заказам камплектуючых, запасных частак, патрабаваннямі аб выкананні рамонту  на тэхналагічным абсталяванні вытворцы альбо яго ўпаўнаважаных асобаў, якія знаходзяцца вельмі далёка, і г. д.

Прадавец (вытворца, пастаўшчык, рамонтная арганізацыя) надзелены правам спаганяць затраты на захоўванне тавараў спажыўцоў, якія пасля заканчэння 2 месяцаў з моманту правядзення экспертызы альбо бясплатнага рамонту не прыходзяць па тавар без уважлівых прычын.

У сувязі з унесенымі змяненнямі ў Закон аб абароне правоў спажыўцоў цяпер пакупнік абавязаны вярнуць якасны тавар ва ўпакоўцы, у якой ён быў прададзены.

Пры вяртанні грошай закон забараняе патрабаваць у спажыўца пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць яго асобу. Увогуле, з мэтай абароны правоў спажыўцоў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы абавязаны разглядаць звароты людзей, растлумачваць заканадаўства і аказваць юрыдычную дапамогу  па пытаннях абароны правоў спажыўцоў.

Мясцовыя ўладныя структуры надзелены паўнамоцтвамі накіроўваць матэрыялы ў органы, якія паўнамоцныя складаць  пратаколы  аб адміністрацыйных  правапарушэннях альбо ўзбуджаць крымінальныя справы па прыкметах злачынстваў, якія тычацца парушэнняў Закона аб абароне правоў спажыўцоў.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений