20.10.2015
Што ж без цябе, настаўнік?
Хто ж без цябе, настаўнік?
Ты, настаўнік, быў у Скарыны
І ў Гарыбальдзі. Ты настаўнік,
Быў у Герцэна і ў Каліноўскага,
У Карскага і ў Паўлава.
Фёдар Янкоўскі.

Сёлета адзначыла свой васьмідзесяцігадовы юбілей настаўніца Лакачоўскай базавай школы Ала Пятроўна Савіцкая, Выдатнік асветы і проста высакародны чалавек.

Нарадзілася і вырасла Ала Пятроўна на Віцебшчыне, у вёсцы Чартоўшчына (цяпер Рассвет) Сенненскага раёна ў сялянскай сям’і. Бацькі яе былі літоўцамі (таму і дзявочае прозвішча Шляпеціс), размаўлялі паміж сабой па-літоўску. Малая Алачка разумела іх, але размаўляць па-літоўску не навучылася. Савицкая Алла Петровна
Дзяцінства яе прыпала на вайну. Пазнала ўсе нягоды ваеннага ліхалецця: помніць, як галадалі, елі лебяду, асаку. Пасля вайны скончыла Пустынскую СШ і паступіла ў Віцебскі педагагічны інстытут на матэматычны факультэт. З дзяцінства марыла стаць настаўніцай. Так атрымалася, што менавіта прафесія настаўніка заняла дзіцячае ўяўленне Алы Пятроўны. Гэта прафесія стала для яе важнай, адзінай мэтай у жыцці.

Пасля заканчэння вучобы атрымала накіраванне на працу ў Смаргонскі раён, у Лашанскую васьмігодку. Там адпрацавала восем гадоў, выйшла замуж, затым з мужам Дзмітрыем Апанасавічам пераехала ў вёску Пагарэльшчына і да пенсійнага ўзросту працавала ў Лакачоўскай базавай школе.

Мне пашчасціла сустрэцца з многімі выдатнымі педагогамі. Адной з такіх з’яўляецца Ала Пятроўна, з якой я працавала разам больш за 20 гадоў у Лакачоўскай школе. Гэта чалавек на дзіва цэльны, з вялікай душэўнай шчодрасцю, шчырай любоўю да дзяцей і бязмежнай вернасцю педагагічнай справе. Яна не прызнавала работы “ад” і “пасля”. Ніколі не была настаўнікам-надзёншчыкам. Усё, што ведала, умела, магла, годна ўкладвала ў дзіцячыя душы. Праца гэтай звычайна сціплай жанчыны адрознівалася зайздроснай эфектыўнасцю. Яе вучні заўсёды былі пераможцамі раённых алімпіяд па матэматыцы. А каманда Лакачоўскай школы шмат гадоў трымала першае месца ў раёне па матэматыцы. Ала Пятроўна вяла вялікую пазакласную работу па прадмеце, гурткі, тыдні матэматыкі, працавала як са здольнымі вучнямі, так і з тымі, каму матэматыка давалася цяжка.
У сучаснай школе ёсць факультатывы, курсы па выбары, профільныя классы, а тады гэта работа называлася проста – “пасля ўрокаў”. І яна не аплачвалася.

Настаўнікі пакалення Алы Пятроўны, якіх я ведала, з якімі працавала, сустракалася, па цяперашніх мерках не зусім звычайныя, больш нават зусім незвычайныя. Хаця б ужо таму, што матэрыяльныя каштоўнасці і дабрабыт існавалі для іх як нейкае, калі хочаце, не вельмі важнае дапаўненне.

Прыхільніца Джона Лока, англійскага філосафа, асветніка і педагога, аднаго з заснавальнікаў эмпірыка-матэрэялістычнай тэорыі пазнання, Ала Пятроўна лічыць, што матэматыка - самая лёгкая форма абстрактнага мыслення. Звычайна яна раней за іншыя навукі аказваецца даступнай чалавечаму розуму. Матэматыка настолькі агульнаўжывальная ва ўсіх абставінах звычайнага і дзелавога жыцця, што наўрад ці можна што-небудзь рабіць, не прыбягаючы да яе дапамогі.

На думку Алы Пятроўны, пачынаць практыкавацца ў лічэнні трэба як мага раней, як толькі дзіця становіцца здольным да гэтага, займацца патроху штодзень, пакуль малое добра не авалодае ўменнем лічыць. Усе трое дзяцей настаўніцы былі выдатнымі матэматыкамі.

Зорка чароўнага шчасця шчодра дарыла сваё святло Але Пятроўне і яе мужу Дзмітрыю Апанасавічу. Яны жывуць у згодзе і любові 55 гадоў. Выхавалі дзвюх дачок і сына. Усім далі вышэйшую адукацыю. Дачакаліся семярых унукаў.

Я вучыла ўсіх траіх дзяцей Савіцкіх. Яны былі добра выхаваныя, вучыліся на выдатна. Разумніца Ірына, залатая медалістка, зараз кіраўнік спраў у Смаргонскім райвыканкаме. Працуе на смаргонскім хлебазаводзе дачка Таццяна, а сын Іван - дырэктарам аўташколы ў Маладзечне. У дзяцей таксама добрыя, моцныя сем’і.
Сустрэча напачатку педагагічнай працы з вялікім майстрам была для мяне самым вялікім шчасцем, яна ўпрыгожвала маё юнацтва і кожны раз напаўняла жаданнем працаваць як мага лепш, выклікала пачуццё здіўлення, умацоўвала патрэбу яшчэ лепш, настойлівей шукаць новае, працаваць творча і больш эфектыўна.

Тамара ПАШКЕВІЧ, магістр педагагічных навук.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений