16.10.2015
Кажуць, той край багаты, дзе многа добрых і цікавых людзей. У гэтым плане ў нас у Смаргоні ўсё ў парадку.
Хачу расказаць аб цудоўнай жанчыне, жыццё якой можа быць прыкладам таго, як патрэбна з годнасцю несці званне чалавека. Гэта Юля Аляксандраўна Шэміс, былая настаўніца сярэдняй школы №4.

Мне пашанцавала доўгі час працаваць...
Кажуць, той край багаты, дзе многа добрых і цікавых людзей. У гэтым плане ў нас у Смаргоні ўсё ў парадку.
Хачу расказаць аб цудоўнай жанчыне, жыццё якой можа быць прыкладам таго, як патрэбна з годнасцю несці званне чалавека. Гэта Юля Аляксандраўна Шэміс, былая настаўніца сярэдняй школы №4.

Мне пашанцавала доўгі час працаваць разам з ёй. Яна выкладала англійскую мову. Ды як выкладала! Праз гады аб ёй гавораць з любоўю і павагай.
Заўсёды ў добрым настроі, ветлівая, уважлівая, добразычлівая. Глядзіш на яе – і здаецца: у каго-у каго, а ў гэтай жанчыны ўсё ідзе лёгка і проста. На самай жа справе лёс падрыхтаваў шмат выпрабаванняў, у якіх і правяраецца чалавек на сапраўднасць.
У маладосці загінуў муж Юлі. Засталася яна з маленькім сыночкам на руках. Працавала тады на Мядзельшчыне ў Свірскай сярэдняй школе. І хоць усе адносіліся да яе з павагай, вырашыла вярнуцца ў родную Смаргонь.
Тут, у СШ №2, і сустрэла маладога настаўніка-ўдаўца Станіслава Рафаілавіча Шэміса. Ён таксама гадаваў двое дзетак – дачушку Наташу і сынка Лёню. Стварылася новая сям’я, праз гады нарадзілася яшчэ Олечка. Юля Аляксандраўна стала мнагадзетнай маці, але ніхто і ніколі не чуў, каб маладая жанчына паскардзілася на цяжкасці. Трэба сказаць, што яна не памылілася ў сваім абранцы лёсу. Станіслаў Рафаілавіч – сапраўдны інтэлігент, эрудыт. Ён быў надзейным мужам і добрым бацькам. Тым не менш выгадаваць і выхаваць чацвёра дзяцей, даць кожнаму вышэйшую адукацыю, дапамагчы ўладкавацца ў самастойным жыцці, вядома, зусім няпроста. Але ў жанчыны хапіла сардэчнай цеплыні, любові да дзяцей, жадання дапамагчы ім тады, калі ў гэтым была неабходнасць. Затое з якой пашанай гаварылі аб сваёй маці і бабулі яе родныя на юбілеі, прысвечаным 80-годдзю. Асабліва адзначалі яе незвычайную дабрыню і спагадлівасць.
Добрым прыкінуцца нельга. Дабрыня праяўляецца ў канкрэтных справах. На ўчынкі на карысць іншым здольны далёка не ўсе.
А Юля Аляксандраўна лічыла сваім абавязкам даглядзець сваю першую свякроў Уладзіславу Іванаўну. Тая, страціўшы сына, страціла і надзею на спакойную старасць. Ды пашанцавала ёй з нявесткай. Не адмовілася яна ад свекрыві, пасяліла ў адным доме разам з роднай маці Соф’яй Юльянаўнай і клапацілася аб іх да самай смерці. Адна з іх пражыла 84 гады, другая – 88. Старасць толькі ў радасць чалавеку, калі ён не адчувае сябе пакінутым.
Але паспрабуйце ж знайсці такую нявестку ды і дачку, якая б, забываючы пра сябе, так адказна адносілася да сваіх абавязкаў.
А лёс, як і кожнаму, рыхтаваў усё новыя і новыя выпрабаванні.
Няма ўжо Станіслава Рафаілавіча. Заўчасна абарвалася жыццё сына Лёні. Нялёгка было пагадзіцца з гэтымі цяжкімі стратамі.
Але Юлі Аляксандраўне даюць сілы вера ў Бога і любоў да сваіх дзяцей і ўнукаў. Яна ганарыцца дачушкамі Наталляй і Оляй, сынам Уладзімірам. Наталля і Уладзімір – урачы, Оля – бібліятэкар.
Унукі ўжо дарослыя, закончылі ўніверсітэты. Але галоўнае, што ад бабулі і ад сваіх бацькоў яны ўзялі, - чалавечнасць. Надзейныя людзі з іх атрымаюцца.
Юля Аляксандраўна не страціла цікавасці да жыцця. Актыўна ўдзельнічае ў рабоце вакальнай групы “Крынічанька”, што створана пры цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва“Цёплы дом”. Гэтая жанчына – адна з тых, хто не хоча, каб старасць перайшла ў нямогласць і апатыю. Ва ўсім шукае пазітыў. Жаданнем жыць змястоўна дзеліцца з тымі, хто побач з ёй. Жадаю ёй моцнага здароўя і доўгага жыцця на радасць родным і блізкім. Такія людзі, як Юля Аляксандраўна, і ёсць соль зямлі нашай.

Вольга АНДРУШЧАНКА.
Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений