16.10.2015
Прачытала артыкул “Іду адна, а бор шуміць” – і нагадала выпадак са свайго жыцця. Тады я толькі пасля інстытута прыехала па размеркаванні на Смаргоншчыну. Аднойчы пасля заняткаў у школе, дзесьці пасля 15 гадзін, з сяброўкай, таксама маладой настаўніцай, вырашыла пайсці ў грыбы. Я невялікі аматар грыбных страў, больш люблю ціха...
Прачытала артыкул “Іду адна, а бор шуміць” – і нагадала выпадак са свайго жыцця. Тады я толькі пасля інстытута прыехала па размеркаванні на Смаргоншчыну. Аднойчы пасля заняткаў у школе, дзесьці пасля 15 гадзін, з сяброўкай, таксама маладой настаўніцай, вырашыла пайсці ў грыбы. Я невялікі аматар грыбных страў, больш люблю ціха “паляваць”. Маю сяброўку звалі Ганна Іванаўна Турко. Яна была гарадской. Ёй таксама хацелася палюбавацца лесам, назбіраць грыбоў. 

…Ідзём у лес, атрымліваем задавальненне ад яскравага дывана восеньскіх лістоў, ад пахаў, ад цішыні. Прырода быццам рыхтуецца да супакою, быццам адпачывае.
І вось мы, атрымаўшы асалоду ад лесу, напалі на паляну грыбоў і не заўважылі, што пачало змяркацца. Грыбоў назбіралі цэлыя кошыкі і вырашылі вяртацца дадому. Але тую сцежку, па якой крочылі ў лес, не знайшлі. Адразу ж разгубіліся і пачалі правальвацца ў рачныя затокі, якія невядома адкуль узяліся. Мы зразумелі, што можам утапіцца і вырашылі заначаваць на дубе, які аблюбавалі. Наша адзенне было лёгкім. Да таго ж ноччу пайшоў дождж. Да раніцы мы ператанцавалі пад дубам усе танцы, якія ўмелі. Грыбы павысыпалі. А калі пачало світаць, рашылі выбірацца з лесу. Аказалася, наша сцежка была побач, але мы настолькі разгубіліся, што не заўважылі яе.
Змокшыя, галодныя, задубелыя, змучаныя і перапалоханыя, з пустымі кошыкамі мы вярталіся з лесу. У школе ўжо ішлі заняткі.
Дырэктар Аркадзь Мікітавіч Сосна паслаў за намі вучняў і, даведаўшыся, што мы не начавалі, нарабіў перапалоху: “Дзе яны? Што з імі? Яны ж новенькія ў нашым краі”. Ён патэлефанаваў у міліцыю, каб нас шукалі, сабраў вучняў на школьную лінейку і папрасіў дапамогі ў старшакласнікаў. Амаль усе адгукнуліся на прапанову дырэктара і пачалі збірацца нас шукаць.
А мы, апусціўшы галовы, крочылі да школы з пустымі кошыкамі. Раптам мы пачулі гукі школьнага горна і барабана, вясёлае з насмешкай “Ура! Ура!”. Нам было так сорамна, што мы баяліся падняць вочы і адказваць на пытанні, якія сыпаліся на нас з усіх бакоў.
Аркадзь Мікітавіч быў вельмі добрым і спагадлівым чалавекам, па-бацькоўску да нас паставіўся. “Ну, грыбніцы, аб’яўляю вам выхадны (а ў нас было па 5-6 урокаў), ідзіце падсілкуйцеся грыбамі і адагрэйцеся”.
Нашы гаспадыні прымусілі нас выпіць па шклянцы гарэлкі і залезці на печ. Вядома, мы так і зрабілі. Спалі, як забітыя, гадзін восем, прачнуліся здаровыя і вясёлыя, нават ні разу не кашлянулі.
Навіна пра маладых настаўніц абляцела ўвесь раён. За адну ноч мы сталі ледзь не героямі і абраслі небыліцамі. На аўтавакзале ў Смаргоні выслухалі пра сябе не адну прыдуманую гісторыю. Адны сцвярджалі, што пад Свірам пайшлі дзве настаўніцы ў лес і не вярнуліся, нават міліцыя іх не можа знайсці. Другія прыдумалі, што нас загрызлі ці то ваўкі, ці то сабакі. Трэція – што мы ў балоце ўтапіліся. Моўчкі сядзелі і слухалі, баяліся расказаць праўду.
Гэты выпадак мяне вельмі здружыў з сяброўкай. Мы сталі больш абачлівымі. З таго часу ў лес я адна ніколі не хадзіла. І іншым не раю хадзіць у адзіночку.

Алена СТРАХ.

Поделиться:

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений