Будуем, расцём, жывём

 

Будуем, расцём, жывём

Люди Сморгонщины
13.08.2023
962
Адзін з самых шчаслівых момантаў у жыцці чалавека – пераезд у сваю новую кватэру ці дом. Каб людзі маглі зрабіць гэта як найхутчэй, каб жыллё радавала многія гады і адпавядала ўсім патрабаванням, працуе цэлая сфера – будаўнічая. Разам з намеснікам старшыні Смаргонскага райвыканкама Дзмітрыем Станкевічам напярэдадні Дня будаўніка разважаем, чаго сёлета дасягнулі работнікі гэтай сферы, якія бачаць перад сабой праблемы і наколькі паспяхова могуць іх вырашаць.

2Z3A7533.JPG

- Дзмітрый Зянонавіч, па выніках работы будаўнічай галіны за 2022 год Смаргонскі раён заняў другое месца ў Гродзенскай вобласці. Здаецца, гэта нядрэнны паказчык. Як кіраўнік гэтай сферы скажыце, калі ласка, Смаргонскі раён адпрацаваў на 100% ці можна было б лепш?

- Штогод мы здаём больш за 20 тысяч квадратных метраў жылля. Гэта і шматкватэрныя жылыя дамы, і індывідуальныя аднакватэрныя пабудовы. Ці хапае гэтага? Цяжка сказаць. З аднаго боку, чарга на паляпшэнне жыллёвых умоваў няўхільна скарачаецца. З другога боку, мы маглі б пабудаваць і больш. Многае ўпіраецца ў фінансавае пытанне. Цяпер, каб маладой сям’і пабудаваць кватэру, трэба ўнесці даволі салідную суму грошай. Далёка не ва ўсіх яна ёсць. Але бачым, што крэдытная палітыка ў Беларусі пастаянна змяняецца. Будзем спадзявацца, што жыллёвыя крэдыты стануць
яшчэ больш даступнымі для сем‘яў. Попытам карыстаецца арэнднае жыллё. Маладыя людзі больш не хочуць быць прывязанымі да аднаго месца. Спачатку яны шукаюць месца працы, якое адпавядае ўсім патрабаванням, потым ужо жыллё. Калі з’явіцца больш выгадная прапанова – лёгка пераедуць у такое ж арэнднае жыллё ў іншым горадзе. Таму будзем рабіць стаўку на гэты сегмент рынку.

- У сферу Вашай адказнасці ўваходзіць не толькі будаўніцтва, але і рэканструкцыя аварыйных збудаванняў. Што адбываецца на Смаргоншчыне ў гэтым напрамку?

- Безумоўна, і тут работы вядуцца. Галоўны наш аб’ект на сёння – дзіцячы садок №3 (раней быў №13). На яго рэканструкцыю выдзелена 6,7 мільёна рублёў. У нас ёсць цэлы вучэбны год, але плануем скончыць работы раней.

- Не магу не спытацца пра новы мікрараён, будаўніцтва якога неўзабаве пачнецца. Чым ён будзе
адрознівацца ад іншых частак горада?

- Па-першае, ён будзе поўнасцю электрыфікаваны. На электрычнасці будзе завязана ўсё, уключаючы прыгатаванне ежы і ацяпленне. Мы падлічылі, што для функцыявання гэтага мікрараёна спатрэбіцца 18 мегават электра­энергіі ў гадзіну. Таму па меры будаўніцтва новых дамоў, разрастання інфраструктуры будзем будаваць новыя трансфарматарныя падстанцыі. Для нашага раёна такое не ў навінку. Многія вёскі, аграгарадкі пераходзяць на электрычнае ацяпленне. Энергетыкі ўжо адпрацавалі механізм мадэрнізацыі ліній. Думаю, і з новым мікрараёнам праблем не будзе. Дарэчы, калі казаць пра інфраструктуру, план мікрараёна ўключае ў сябе вучэбныя ўстановы, магазіны, прасторныя стаянкі. Людзям будзе сапраўды зручна тут жыць.

- Як з дарожным будаўніцтвам у нашым раёне? Напэўна, гэта тое, за што Вашую сферу найбольш крытыкуюць.

- Безумоўна, крытыка ёсць. Але, напэўна, усе заўважылі, што сёлета мы адрамантавалі значны аб’ём асфальтавага пакрыцця. Работы праводзіліся на вуліцах Якуба Коласа, Гагарына, Чыгуначнай. Паглядзіце, як пашырылася вуліца Кірава. Работнікі ДРБУ займаліся раённымі дарогамі: каля Слабснаў, Вялікай Мысы, Жодзішак і іншых населеных пунктаў. У гэта ўкладзена 936 тысяч рублёў. А яшчэ 1,8 мільёна рублёў спатрэбіцца, каб пакласці асфальт на вуліцы Скарыны. Ужо ёсць праектная дакументацыя. Неўзабаве там, акрамя дарогі для аўтамабіляў, з’явяцца тратуары, ліўнёўкі, каб вуліца была зручная і для пешаходаў. Канешне, хацелася б прыватны сектар цалкам прывесці ў парадак. Але мы не можам проста заасфальтаваць вуліцу. Павінны пачынаць з праекта, а далей усё, што я гаварыў пра Скарыны. Пакуль мы не можам сабе дазволіць гэтага з-за недахопу фінансавання.

- Якія праблемы ў будаўніцтве з’яўляюцца для Вас як для кіраўніка найбольш вострымі?

- Напэўна, як ужо казаў, недахоп фінансаў. Многае даводзіцца адкладваць на будучыню. Я ўпамінаў дарогі ў прыватным сектары. Што мне яшчэ “баліць”, дык гэта двары каля шматпавярховак. Іх рэканструкцыя ідзе нашмат меншымі тэмпамі, чым хацелася б. Ёсць і праблема з рабочымі кадрамі. Сёння муляр (каменшчык – аўт.) – гэта літаральна штучны экземпляр. Не вельмі ахвотна моладзь ідзе ў гэтую прафесію. Яна сапраўды адказная – ад якасці сценавой кладкі залежыць вельмі многае. Таму кожнага муляра мы літаральна песцім і беражом. А ўвогуле, я настроены аптымістычна. Нягледзячы на пэўныя цяжкасці, нашы будаўнікі ідуць наперад і паказваюць выдатныя вынікі.

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.


Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях


Статьи по теме: